Малітва праслаўлення “Дзеці нясуць міласэрнасць”

Малітва праслаўлення “Дзеці нясуць міласэрнасць”

На іншых мовах: en
Малітва праслаўлення “Дзеці нясуць міласэрнасць”

15 красавіка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры пры дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна  адбылася малітва праслаўлення, у якой узяла ўдзел вялікая колькасць дзяцей і іх бацькоў.

На пачатку малітвы да сабраных звярнулася дырэктар цэнтра сястра Часлава Навіцкая USJK, якая заахвоціла ўсіх сабраных супольна памаліцца і ахвяраваць гэты час у інтэнцыі супакою ў свеце: прасіць Пана Бога аб Ягонай міласэрнасці для ўсяго свету, асабліва для дзяцей.

Сястра Часлава запрасіла маліць Бога аб тым, каб усім дзецям былі гарантаваныя жыццё і мір. І сабраныя маліліся аб тым, каб не было вайны і не гінулі людзі, а таксама каб маці не забівалі зачатае ў іх жыццё.

“Дзеці нясуць міласэрнасць” — гэтыя словы сталі дэвізам малітвы праслаўлення, на якую сабраліся дзеці з розных парафій Мінска-Магілёўскай і Пінскай Дыяцэзіі, а таксама госці: дзіцячая група хору “Пілігрымы” мінскага праваслаўнага прыходу ў гонар святой княгіні Вольгі.

Больш за 14 музычных гуртоў, ансамбляў і хораў прыехалі ў Хрысціянскі сацыяльны центр, каб разам спяваць і маліцца, просячы аб Божай Міласэрнасці для ўсяго свету.

Пасля словаў сястры Чаславы да сабраных выйшаў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС з манстрацыяй у руках, у якой знаходзіўся сам Пан Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Прысутны сярод дзяцей Хрыстус быў адараваны і праслаўлены спевам гуртоў, якія спявалі на хвалу велічы і магутнасці Бога.

Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі пра бязмежную любоў, моц надзеі і веліч веры. Сваім спевам яны таксама маліліся аб тым, каб з сэрцаў людзей зніклі грэх і зло, каб у іх павялічвалася Божая ласка і любоў.

Заканчэннем малітвы праслаўлення стала песня “Малітва за Беларусь”, якую разам заспявалі ўсе прысутныя: і дзеці, і дарослыя. Падчас малітвы праслаўлення дзеці трымалі ў сваіх руках каляровыя кветкі. На заканчэнне малітвы дзеці склалі гэтыя кветкі да алтара.

Да сабраных таксама звярнуўся прысутны на малітве арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш КандрусевічЗаслужаны іерарх адзначыў, што капліца Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра яшчэ не бачыла такой вялікай колькасці дзяцей. Арцыпастыр падзякаваў Богу, а таксама дзецям і бацькам за супольную малітву.

Пасля абеду, на які былі запрошаныя ўсе прысутныя, дзеці і бацькі выйшлі на двор, дзе для ніх адбылася забаўляльная праграма, падчас якой пад гукі скрыпкі і бубна малыя і дарослыя танчылі беларускія народныя танцы. Наймалодшыя ўдзельнікі гулялі з клоўнам, пускаючы мыльныя бурбалкі.

Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by