“Місія выканальная”. Завяршыўся першы тур “Вакацый з Богам”

“Місія выканальная”. Завяршыўся першы тур “Вакацый з Богам”

На іншых мовах: pl
“Місія выканальная”. Завяршыўся першы тур “Вакацый з Богам”
З 3 па 14 чэрвеня ў нашай Місіі адбыўся летнік пад назвай “Місія выканальная”. Галоўнай тэмай “Вакацый
з Богам” былі хрысціянскія місіі. Напрацягу дзесяці дзён яго наведвальнікі пазнавалі хто такія місіянеры,
як яны жывуць і чым займаюцца.
Дзеці даведаліся пра некаторых святых місіянераў, а таксама шукалі адказу на пытанне: “як я магу стаць місіянерам?”
Праграма летніка была вельмі насычаная. Быў у ёй час на заняткі па маляванню і музыцы, сустрэчы са спадаром Паўлам Каралёвым, экскурсію ў Музей прыроды і экалогіі, прагляд сферычнага кіно ў Планетарыі, прагулкі па Батанічным садзе
і парках нашага горада, эстафеты і інтэрактыўныя заняткі, майстар-клас па маляванню пернікаў, а таксама вясёлыя гульні.
Удзельнікі “Вакацый з Богам” удзельнічалі таксама ў пілігрымцы ў Івянец, дзе пазнаёміліся з гісторыяй мясцовых мучанікаў, Ахілеса і Германа, наведалі цікавыя экспазіцыі ў музеі, а таксама ўбачылі жывых жывёл на тэрыторыі кляштара францішканаў.
Летнік стаў нагодай, каб праявіць свае творчыя таленты. Доказам гэтага быў канцэрт, які дзеці зладзілі самастойна.
Падчас мерапрыемства можна было пачуць творы напісаныя Ірынай Чубіс у выкананні ансамбля імя св. Юзафа. Такую назву для свайго гурта абралі выканаўцы. Падчас канцэрта прагучаў таксама верш аўтарства удзельніцы летніка. Прадстаўляем яго Вашай увазе:
“Наш летнік” (Ірына Чубіс)
Летнік наш – ён самы слаўны
Ды Місія наша.
У Місіі займаемся,
У летніку гуляемся.
Сардэчкі атрымоўваем,
Прыроду мы ахоўваем.
З сябрамі забаўляемся,
З сябрамі мы і сварымся.
Толькі гэта не бяда,
Зноў памірымся. Ура!
Завяршальным пунктам летніка быў квэст для дзяцей і іх бацькоў. Дзве каманды шукалі скарбаў місіянераў. Дзеля гэтага трэба было выканаць заданні на кожным з катынентаў нашай планеты.
Гэта быў толькі першы тур летнікаў у нашай Місіі. Запрашаем да ўдзелу ў наступных “Вакацыях з Богам”.