У наш летнік завітаў актор і казачнік Віталь Халадок, які расказаў дзеткам пра ролю казак у сваім жыцці і пачытаў свае аўтарскія казкі.
“Першыя беларускія казкі я пачуў ад сваёй бабулі. А яшчэ ў дзяцінстве ў мяне быў маленькі радыёпрыёмнік, які я вельмі любіў слухаць. Аднойчы ўвечары пачуў перадачу з казкамі, якая мяне вельмі ўразіла. Калі я вырас і стаў акторам, мяне запрасілі на “Радыё-Мінск” у перадачу “Казачка на добры сон”. На працягу адзінаццаці гадоў у эфіры радыё я кожны вечар расказваў дзеткам добрыя павучальныя казкі. Пачынаў так: “Прывітанне, мае маленькія, зноў з вамі я, ваш неўтаймаваны летуценнік Віталь Падарожны”.
Спадар Віталь сам піша казкі, якія друкаваліся на старонках дзіцячага часопіса “Качели”. Частка з іх – пераапрацоўка бабуліных расказаў. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць паслухаць казкі, а таксама разам прыдумаць сваю ўнікальную казачную гісторыю і праілюстраваць яе. З вядомым акторам гэта было асабліва цікава і весела!