Набажэнства​ “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” аб’яднала дзетак Беларусі

Набажэнства​ “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” аб’яднала дзетак Беларусі

На іншых мовах: en pl
Набажэнства​ “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” аб’яднала дзетак Беларусі

18 кастрычніка адбылася малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы”, якая злучыла тэлемостам пяць гарадоў​ з усіх дыяцэзій Беларусі.

​Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва. Яе​ галоўная мэта – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет. У ружанцовай малітве дзеці разам просяць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце.​

Ужо чацвёрты год Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай арганізуе малітоўнае чуванне з удзелам дзяцей. Сёлета набажэнства зноў аб’яднала дзяцей Беларусі ў супольнай малітве аб міры і еднасці ва ўсім свеце.​ У Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры сабралася шмат дзетак з розных парафій Мінска, а таксама з Нацыянальнага​ санктуарыя ў​ Будславе.

Святары ў касцёлах Мінска, Магілёва, Браслава, Гомеля, Гродна благаславілі ружанцы, якія дзеткі прынеслі з сабой. У капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ружанцы благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі.

З вітальным словам ад імя Рымскага Папы​ Францішка да прысутных звярнуўся​ сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь кс. Кшыштаф Сэрока, у якім сказаў:
“На знак таго, што Папа Францішак ведае пра вас і моліцца разам з вамі, перадаю вам ад яго ружанец, які пасля набажэнства рушыць у малітоўную вандроўку па парафіях Беларусі”.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сардэчна прывітаў дзетак, якія сабраліся ў касцёлах Беларусі, і сказаў: ” Ружанец – гэта вельмі простая і вельмі магутная малітва. Малітва Марыйная, але адначасова, можа і ў большай ступені, Малітва Езуса, бо Марыя вядзе нас у гэтай малітве да свайго сына Езуса Хрыста, Збаўцы нас і ўсяго свету. Марыя ў сваіх аб’яўленнях заўсёды была з ружанцам, заклікала маліцца на ружанцы, асабліва маліцца аб міры. За сталом звычайна збіраюцца сябры, і мы сёння сядаем да стала святога Ружанца, каб ён нас аб’ яднаў, і мы жылі ў супакоі і ў міры, якога патрабуе кожны з нас, а таксама нашыя сем’ і, нашае грамадства і ўвесь свет. Пане Езу, паглядзі на дзяцей ва ўсім свеце, розных моваў і культур, розных нацыянальнасцяў і колераў скуры, якія з’яўляюцца каталікамі, веруючымі, якія моляцца малітвай святога Ружанца. Няхай дзякуючы гэтай малітве ласка супакою сыйдзе на ўвесь свет.”

На пачатку кожнай Хвалебнай таямніцы дзеткі прыгадвалі яе сэнс і разважалі.

Змёртвыхпаўстанне Хрыста – Мінск, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

Унебаўшэсце Хрыста – Магілёў, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

Спасланне Духа Святога – Браслаў, Віцебская дыяцэзія

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі – Гомель, Пінская дыяцэзія

Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі – Гродна, Гродзенская дыяцэзія

З заключным словам выступіў​ старшыня​ Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч, у якім азначыў:
“Гэтая малітва, якая плыла з мільёнаў шчырых сэрцаў дзяцей, будзе той моцай, якая з’яднае і прынясе для сучаснага свету і нашай краіны, для кожнага чалавека, так патрэбны сёння супакой.”