22 лютага, у Папяльцовую сераду, у капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра адбылася святая Імша. Папялец – дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле настае перыяд Вялікага посту. Гэты перыяд пакаяння пачынаецца сімвалічным пасыпаннем галавы попелам падчас святой Імшы.
Попел нагадвае пра нікчэмнасць чалавечага жыцця, пра неабходнасць памятаць, што трэба жыць справядліва, у Божай ласцы, бо наша зямное жыццё скончыцца і пасля яго застанецца толькі пыл. Таксама варта падкрэсліць, што попел утвараецца ад спальвання. Праз пакаянне (асабліва ў Вялікі пост), згодна са словамі св. Паўла, “стары чалавек”, грэшнік, павінен памерці ў кожным з нас, каб дзякуючы ласцы ўваскрослага Хрыста нарадзіўся новы чалавек (пасля Вялікага посту мы святкуем уваскрасенне). Прымаючы попел, вернікі ўваходзяць у час, які павінен быць часам пакаяння і ачышчэння ад грахоў. “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае слова.
У сёлетнім Пасланні Святога Айца Папы Францішка на Вялікі пост прамаўляецца:
“Нават калі нашыя звычайныя абавязкі патрабуюць, каб мы заставаліся там, дзе знаходзімся, у штодзённай і часам нуднай руціне, тым не менш, у перыяд Вялікага посту мы запрошаныя ўзысці “на высокую гару” разам з Езусам, каб перажыць разам са святым Божым народам асаблівы досвед духоўнай дысцыпліны — досвед аскезы”.
Няхай жа час Вялікага посту схіліць нас да таго, каб мы захацелі ачысціць свае сэрцы ад усялякага граху і дазволілі ім нарадзіцца нанова.
Фотаздымкі з набажэнства глядзіце ў фотаальбоме “Папяльцовая серада”.