У суботу, 8-га лютага, дзядулі і бабулі нашых дзяцей з’ехаліся з усёй Беларусі. На свяце прысутнічала каля 200 чалавек.
Праграма распачалася супольнай малітвай. Дзеці прасілі ў Бога благаслаўленні для іх дзядуляў і выканалі некалькі спеваў праслаўлення.
Пасля малітвы ўсе прысутныя скіраваліся ў вялікую залю, дзе адбылася асноўная частка святкавання. Спачатку айцец Аляксандр Шамрыцкі, капелан місіі, звярнуўся да прысутных з канферэнцыяй. Святар звярнуў увагу на навучанне Касцёла пра ролю дзядуляў і бабуляў у выхаванні дзяцей. “Для сённяшняга свету ўласцівая культура адкідвання. Усё што ня ў трэндзе, нямоднае, старое — адкідваецца. Гэтакім чынам адкідваюцца старэйшыя людзі, бабулі і дзядулі, якія для маладога пакалення часта з’яўляюцца носьбітамі старых і неактуальных ідэй”, — падкрэсліў святар, — “Каталіцкі Касцёл вучыць, што дзядулі і бабулі маюць асаблівую Місію ў выхаванні дзяцей — перадаць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да сям’і і веру ў Бога. Іх жыццёвы вопыт вельмі важны”.
Падчас канцэртнай праграмы дзеці традыцыйна чыталі вершы, спявалі, гралі на музычных інструментах, была сцэнка.
Напрыканцы ўсіх прысутных чакаў пачастунак. Дарослыя знаёміліся і проста размаўлялі, а малечы маглі спакойна пабегаць і пагарэзнічаць.
Здымкі: Юрый Сідун
Усе фота можна паглядзець тут