Пілігрымка ў Будслаў

Пілігрымка ў Будслаў

На іншых мовах: en
Пілігрымка ў Будслаў

Трэцяга чэрвеня Будслаўскі касцёл сустрэў пілігрымаў ва ўсёй сваёй грандыёзнасці і ўрачыстасці. У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбывалася заключная малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. У дзявяты дзень навэнны ў Будславе сабраліся дзеці, якія сёлета ўпершыню прыступілі да споведзі і прынялі сваю першую святую Камунію. Да малітоўнай сустрэчы далучыліся дзеткі Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна. Гэта была вельмі важная і прыгожая падзея. Дзяўчаты ў белых сукенках і хлопцы у белых альбах сталі сведкамі вялікага цуду і прынялі Цела Хрыста ў галоўнай святыні Беларусі.

Гэты дзень быў вельмі важным яшчэ для адной групы наведвальнікаў будслаўскай святыні – удзельнікаў супольнасці “Самаранін” і выхаванцаў Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія аб’ядналіся і ўпершыню наведалі Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пілігрымы прыехалі пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай, які сустрэў іх сваім цудоўным ззяннем. Маці Божая Будслаўская – наша Заступніца і Суцяшальніца, да якой мы можам узнесці свае просьбы і малітвы, аддаць сябе ў Яе апеку. Яна дае сілы і надзею, надзяляе цудамі і духоўнымі ласкамі.

Урачыстую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які нагадаў прысутным дзеткам і дарослым, што ў святой Эўхарыстыі мы яднаемся з Богам. Сам Езус цэлебраваў са сваімі вучнямі Апошнюю Вячэру і ў ёй апярэдзіў сваю смерць. Ён прынёс сябе ў дар сваім вучням пад постацямі хлеба і віна і наказаў ім з гэтага моманту і пасля Яго смерці цэлебраваць Эўхарыстыю. Арцыбіскуп разважаў разам з дзеткамі, дзе можна сустрэць Бога, а таксама разам з імі радасна і з усмешкай спяваў:

“Сённяшні дзень, сённяшні дзень
Бог падараваў, Бог падараваў!
Узрадуемся, узрадуемся
І суцешымся ў ім!..”

Пасля Будслава пілігрымы заехалі ў Даўгінава, каб пабачыць Касцёл Святога Станіслава. Ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі прывітаў пілігрымаў і расказаў, што даўгінаўскі касцёл – адна з нешмалікіх святыняў краіны, якая дзейнічала бесперапынна. Прыхаджане маглі наведаць набажэнства ў храме і ў час вайны, і ў моманты антырэлігійных ганенняў.

Больш за 200 яркіх і эмацыйна насычаных фотаздымкаў глядзіце ў​ фотаальбоме “Пілігрымка ў Будслаў 3.06.2023”.