Пілігрымка ў Навагрудак

Пілігрымка ў Навагрудак

На іншых мовах: en
Пілігрымка ў Навагрудак

Удзельнікі чэрвеньскага летніка “Пілігрым – чалавек творчы” накіраваліся ў Навагрудак, каб ушанаваць памяць сясцёр назарэтанак, якія загінулі мучаніцкай смерцю. Сёлета адзначаецца 80-гадовы юбілей мучаніцкай смерці благаслаўлёных с. Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц, расстраляных нацыстамі ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г.​

На працягу летніка дзеткі старанна рыхтаваліся да пілігрымавання і ведалі, што гэта не турыстычны паход або экскурсійная вандроўка, а духоўнае падарожжа, напоўненае малітвамі і спевамі. Ведалі таксама, што пілігрымы здзяйсняюць яго ў розных мэтах: гэта і просьбы аб здароўі для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу за атрыманыя ласкі і шматлікія іншыя інтэнцыі.

У навагрудскім фарным касцёле Перамянення Пана адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі. Дзеткі даведаліся, што​ сёстры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак у 1929 г. па запрашэнні Пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Яны павінны былі ўзяць пад апеку Белую Фару (касцёл Перамянення Пана), а таксама заняцца выхаваннем і адукацыяй мясцовых дзяцей.​ Не ўсё складвалася проста, але ўжо ў 1931 г. сёстры адчынілі ў Навагрудку агульнаадукацыйную школу, вучыцца ў якой было столькі жадаючых, што праз два гады ўзнікла патрэба распачаць будову новага памяшкання.​ Сёстры зачаравалі людзей сваёй ахвярнасцю і працавітасцю. Яны працавалі ў касцёле, у шпіталі і ў доме, які быў адчынены для кожнага, хто знаходзіўся ў патрэбе.​ Дом назарэтанак захаваўся, і юныя пілігрымы мелі магчымасць пабыць у 90-гадовым будынку, а таксама паглядзець, як​ робяцца аплаткі і камунікаты.

Ва ўмовах нямецкай​ акупацыі многія жыхары Навагрудка шукалі суцяшэння і супакою ў фарным храме. Кожную ранiцу там служыў Імшу кс. Аляксандр Зянкевіч, а вечарамі разам з ім вернікі і сёстры адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і маліліся на ружанцы.​ Дзеткі даведаліся пра благаслаўлёных сясцёр мучаніц, якія ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на расстрэл. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на працы ў Германіі, а некаторых вызвалілі. Усе яны перажылі вайну.​ Застаўся жывы і кс. Зянкевіч, які праз усё сваё жыццё насіў у сэрцы​ вялікі боль​ і​ глыбокую ўдзячнасць сёстрам. Сястра Малгажата, якая пазбегла арышту, застаўшыся ў Наваградку, хавалася ў хатах вернікаў каля касцёла, а пасля перайшла жыць у сакрыстыю. Каб не дапусціць закрыцця святыні, яна арганізавала ў нядзелі і святы набажэнствы без святара, прыводзіла ў парадак і аздабляла алтары. Сёстры-мучаніцы з Навагрудка былі беатыфікаваныя папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме. У фарным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку знаходзяцца рэліквіі благаслаўлёных сясцёр-мучаніц. І цяпер назарэтанкі працуюць у​ Навагрудку.​ Харызма супольнасці – пашырэнне валадарства Божай любові праз перайманне прыкладу Езуса, Марыі і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на Божай і ўзаемнай любові. Сёстры звяртаюць увагу найперш на рэлігійнае і маральнае адраджэнне сям’і.

Пасля пасілку юныя пілігрымы накіраваліся ў Батароўскі лес да трагічнага месца, каб ушанаваць памяць сясцёр-мучаніц.​​ Смерць назарэтанак была ахвярай, прынесенай Богу з любові да бліжняга. Гэтая незвычайная ахвяра была дапаўненнем той любові да Бога і людзей,​ якую давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці падчас служэння ў Навагрудку.​ Сёння ў Наваградак прыязджае шмат людзей, каб праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак выпрошваць неабходныя для сваіх сем’яў ласкі.​

Удзельнікі пілігрымкі завіталі таксама ў Навагрудскі касцёл святога Арханёла Міхала і пабачылі​ ​ манумент Арханёла Міхала, які быў асвечаны зусім нядаўна – 3 чэрвеня.

Кожная пілігрымка – гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў. Летні час дае кожнаму з нас магчымасць прайсці гэтым шляхам пілігрыма і стаць бліжэй да Божага Валадарства.

Фота з нашай пілігрымкі глядзіце таксама ў фотаальбоме