Летнік “Вакацыі з Богам” накіраваўся ў пілігрымку ў Заслаўе. Пілігрымка – гэта асаблівая падзея, непадобная на ўсё тое, што адбываецца штодзень. Гэта сапраўднае духоўнае падарожжа, напоўненае малітвай і спазнаннем сябе. Наша пілігрымка ў Заслаўі распачалася з набажэнства ў Касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Святую Імшу цэлебраваў ксёндз Антоні Клімантовіч. Святар прывітаў юных пілігрымаў і нават дазволіў паглядзець падземныя скляпы касцёла.
Чаму пілігрымка адбылася ў Заслаўе? Гэта адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, дзе захаваліся вельмі каштоўныя гістарычныя і культурныя помнікі. А яшчэ гэта горад з даўнімі і багатымі каталіцкімі традыцыямі. У XVII—XVIII стст. у горадзе было ажно дзве каталіцкія святыні.
Мікалай Глябовіч, будучы гаспадаром Заслаўя, у 20-х гг. XVII ст. пераўтворыў кальвінскі збор у Касцёл святога Міхала Арханёла, а таксама пачаў будаўніцтва новага драўлянага каталіцкага храма. У другой палове XVII ст. Заслаўе перайшло да роду Сапегаў. Казімір Ян Сапега разам з жонкай запрасілі ў Заслаўе манахаў дамініканаў і пабудавалі кляштар на тэрыторыі заслаўскага замка. Манахі дамініканы абслугоўвалі Касцёл Міхаіла Арханёла. У 1753 г. Заслаўе перайшло ў валоданні Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага, які вырашыў на месцы старога драўлянага касцёла пабудаваць новы мураванны храм. Архітэктарам быў італьянец Карла Сампані. Касцёл размясціўся на цэнтральнай, раней рынкавай, плошчы горада Заслаўе. Цэглу дастаўлялі для будаўніцтва касцёла з Мінска, са збудаванага Пшаздзецкім цагельнага завода. Сцены храма дасягаюць таўшчыні больш за два метра. 8 верасня 1779 г. новазбудаваны храм быў асвечаны пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У другой палове XIX ст. храм быў зачынены, пераасвечаны ў праваслаўную царкву і значна перабудаваны. Аднак, па просьбе мясцовых жыхароў у ім захавалі старадаўнюю выяву Маці Божай, якая ўпрыгожвала галоўны алтар. У ХХ ст. храм перажыў войны і закрыццё. Разбураным і пакінутым храм прастяў амаль да канца 1980-х гадоў. Тады пачалася яго маштабная рэканструкцыя, і будынак перадалі вернікам. Сёння гэты храм з багатай гісторыяй зноў адчыняе свае дзверы для вернікаў.
Заслаўе – гэта яшчэ і горад музеяў. Мы не маглі не завітаць у новы Музей беларускай маляванкі, які прысвечаны традыцыйнаму роспісу маляваных дываноў. У ім размешчана экспазіцыя маляванак Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Музей створаны ў рэстаўраваным будынку флігеля, які адзіны ацалеў ад былой сядзібы Пшаздзецкіх у Заслаўі. Трэба азначыць, што ў музейнай прасторы камфортна сябе адчувалі і дзеткі з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць наш летнік.
Важным вынікам нашага падарожжа сталася і тое, што дзеткі адчулі: пілігрымка – гэта супольнасць, адна сям’я. Таму яны стараліся заўважаць патрэбы тых, хто побач: пачакаць таго, хто адстае, дапамагчы паднесці заплечнік і падзяліцца пасілкам. Кожная пілігрымка – гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў. Летні час дае кожнаму з нас магчымасць прайсці гэтым шляхам пілігрыма і стаць бліжэй да Божага Валадарства.