20 траўня ў гонар маці-заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага распачынаем навэнну (малітву, якая трывае 9-дзён) да святой Уршулі Ледухоўскай.
Святая Уршуля любіла казаць, што святы – гэта сябар, які з неба лепш бачыць усе нашы патрэбы і клопаты. Падчас зямнога жыцця Уршуля Ледухоўская адрознівалася асаблівай чуласцю да патрэб іншых людзей. Маем мноства сведчанняў, што гэтую чуласць яна захавала і як наша святая заступніца ў нябёсах.
Дзевяць дзён будзем маліцца і ўзгадваць думкі святой Уршулі. Сучаснікі ўспамінаюць, што Уршуля была чалавекам ўсмешкі. Вельмі часта на абразах яе малююць з кветкамі сланечніка. Сланечнік – сімвал дабрыні, усмешкі і духоўнага супакою.
ДУМКА святой Уршулі на першы дзень:
Усмешка рассейвае аблокі назапашаныя ў душы.
ЗАДАННЕ: падарыць усмешку бліжняму.
НАВЭННА да святой Уршулі Ледухоўскай:
О Езу, Твайму Сэрцу даручаю…(назваць інтэнцыю)
Узглянь і ўчыні тое, што падкажа Табе Тваё Сэрца. Дазволь Твайму Сэрцу дзейнічаць. О Езу, я разлічваю на Цябе, давяраю Табе, цалкам Табе аддаюся. У Табе я ўпэўнены. О Сэрца, поўнае любові, давяраю Табе без рэшты, бо сам з сябе я схільны да ўсялякага зла, але ва ўсім спадзяюся на Тваю дабрыню. Амэн.
Дзеля заслугаў нашага Пана Езуса Хрыста прымі, о Божа, малітвы, якія ўзносяцца да Цябе праз заступніцтва святой Уршулі Ледухоўскай, вернай паслядоўніцы дабрадзенасцяў Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына, і ўдзялі нам ласкі, якой з даверам просім. Амэн.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуся над намі!
Святая Уршуля, маліся за нас!