Праграма “Ростані” ўключае беларускую вакальную музыку розных часоў і розных кірункаў. Творы эпохі барока, класіцызму, народныя песні выканалі таленавітыя салісты беларускай оперы – Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі. Партыя фартэпіяна – Паліна Задрэйка.
Ростані – месца расстання? Напэўна, так, бо дарогі там разыходзяцца, расстаюцца. Але людзі, якія ходзяць па гэтых дарогах, на ростанях сустракаюцца і знаёмяцца. Ці надоўга? Пра гэта ніхто не ведае, але так склалася, што месца развітання заўсёды становіцца месцам сустрэчы. Вось і на нашай творчай вечарыне адбыліся сустрэчы: сустрэчы галасоў, сустрэчы эпох, сустрэчы музычных стыляў і кірункаў, а самае галоўнае – сустрэча слухача з выключнымі, радаснымі і шчымлівымі, вядомымі і забытымі, народнымі і прафесійнымі творамі вакальнага мастацтва.
Гучалі канты са зборніка “Полацкі сшытак”, народныя песні, творы на музыку Яна Давіда Голанда, Антонія Генрыка Радзівіла, Станіслава Манюшкі, Уладзіміра Солтана, Юрыя Семянякі, вершы Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Гаруна, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц і іншых аўтараў.
На сустрэчы прысутнічаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Усе фота творчай сустрэчы глядзіце ў альбоме.