Ці кожны з нас можа цярпець з дня ў дзень, не бачачы канца выпрабаванню, і пры гэтым не падаць духам, не наракаць і не расчароўвацца? Святая Уршуля Ледухоўская нагадвае нам: “Так хоча Бог…”
ДУМКА святой Уршулі:
Так хоча Бог… Разуменне гэтага дае мне шчасце і апраменьвае ўсё, што Бог пасылае, – як радасць, так і цярпенне…
ЗАДАННЕ:
Паспрабаваць цаніць сваё жыццё, штодзённае, простае і шэрае. Спрабуем прыняць цярпенні, якіх не можа не быць у жыцці, зносіць іх спакойна і ціха. Спрабуем памятаваць, што калі навучымся веры, будзем трываць у любові Бога і даверліва чакаць, то ў свой час, які вызначаны і выбраны Богам, Ён выведзе з цяжкасцяў, пакладзе канец цярпенням і смутку. Няхай вырашальнымі словамі ў цярпенні стануць: “Так хоча Бог…”
НАВЭННА да святой Уршулі Ледухоўскай:
О Езу, Твайму Сэрцу даручаю…(назваць інтэнцыю)
Узглянь і ўчыні тое, што падкажа Табе Тваё Сэрца. Дазволь Твайму Сэрцу дзейнічаць. О Езу, я разлічваю на Цябе, давяраю Табе, цалкам Табе аддаюся. У Табе я ўпэўнены. О Сэрца, поўнае любові, давяраю Табе без рэшты, бо сам з сябе я схільны да ўсялякага зла, але ва ўсім спадзяюся на Тваю дабрыню. Амэн.
Дзеля заслугаў нашага Пана Езуса Хрыста прымі, о Божа, малітвы, якія ўзносяцца да Цябе праз заступніцтва святой Уршулі Ледухоўскай, вернай паслядоўніцы дабрадзенасцяў Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына, і ўдзялі нам ласкі, якой з даверам просім. Амэн.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуся над намі!
Святая Уршуля, маліся за нас!