У летніку “Вакацыі з Богам” адбыліся заняткі па кнізе “Скарына дзеткам”. Гэтую кніжку можна не толькі чытаць, таксама ў ёй можна (і нават трэба!) пісаць і маляваць. Акрамя тэкста ў кнізе, якая з’яўляецца своеасаблівым творчым сшыткам, змешчана 25 цікавых заданняў пра беларускага першадрукара Францішка Скарыну. Дзіцячае выданне багатае размалёўкамі, крыжаванкамі ды іншым “інтэрактывам”. Удзельнікі заняткаў “вандравалі” разам з Францішкам па карце Еўропы і даведаліся, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і друкаваў. Увесь гэты шлях быў звязаны з галоўнай справай Скарыны – друкам кніг Бібліі.
Эпоха кнігадрукавання ў Еўропе пачалася з выхаду ў свет Бібліі Іагана Гутэнберга на лацінскай мове. У другой палове XV стагоддзя лацінскія пераклады Бібліі друкаваліся ў многіх гарадах Заходняй Еўропы. У той жа час Кнігу кніг пачалі перакладаць і выдаваць на нацыянальных мовах. Біблія, падрыхтаваная і выдадзеная Францішкам Скарынам, асаблівая, пра што сведчаць структура выдання, мастацкае афармленне, аўтарскі шрыфт, пераклад тэксту. На занятках дзеткі даведаліся, як працаваў наборшчык тэксту, ці мелі кнігі Скарыны тытульныя старонкі, навошта ён размясціў у выданні свой партрэт. Творчыя заданні дапамаглі ўдзельнікам лёгка засвоіць тэму. Вынікам заняткаў сталі новыя веды, добры настрой і створаныя дзеткамі яркія тытульныя старонкі кніг Бібліі і партрэты Скарыны.