Скончылася першая змена летніка з Васілём Дранько-Майсюком

Скончылася першая змена летніка з Васілём Дранько-Майсюком

Скончылася першая змена летніка з Васілём Дранько-Майсюком

З 1-га па 11-га чэрвеня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры праходзіў першы тур дзіцячых вакацый. Яны былі пабудаваныя на аўтарскай інтэрактыўна-тэатралізаванай праграме ад Васіля Дранько-Майсюка. Таксама летнік быў насычаны вандроўкамі, экскурсіямі і майстар-класамі.

“Мы рабілі з малодшымі і старэйшымі дзецьмі 2 спектаклі па Леаніду Дранько-Майсюку  — малодшыя рыхтавалі пастаноўку па вершах для Хомкі, а старэйшыя — па казцы “Цацачная крама”. Разам з удзельнікамі мы шукалі акцёрскія вобразы, спрабавалі прыдумаць якімі павінны быць нашы героі. Таксама мы працавалі над касцюмамі і развівалі мастацкі густ нашых падапечных. Дзеці паглядзелі як працуюць сапраўдныя прафесіяналы — мы запрасілі акторку Алену Баяраву з РТБД і яна правяла майстар-клас”, — распавёў Васіль Дранько-Майсюк.

Аўтар інтэрактыўна-тэатралізаванай праграмы, па якой працаваў летнік, таксама падзяліўся, што было шмат камандна-стваральных гульняў для ўмацавання еднасці паміж дзецьмі. “Мы стараліся развіваць дух каманды, касцяка, адной важнай справы. Што мы сябры-сябры-сябры”, — сказаў адзін з кіраўнікоў гэтага летніка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры, — “Мне падаецца дзецям спадабалася. Яны ахвотна прымалі ўдзел, прымушаць не трэба было. Часам былі нейкія элементы стамлення, але мы гуляліся і адпачывалі”.

Спадарыня Юля, выхавацель Сацыяльнага Цэнтра, распавяла: “Тое як адкрыліся дзеці гэта сапраўдны цуд! Так узрушальна было бачыць іх такімі. Спектакль быў сапраўднай сур’ёзнай працай, якая пачалася ад  самастойнага вырабу касцюмаў і скончылася цудоўным выступам”.

“За два тыдні дзеці і дарослыя паспелі стаць сапраўднай камандай і пад кіраўніцтвам спадара Васіля Дранько-Майсюка паставіць два сапраўдныя спектаклі! Дзеці выступалі не толькі ў ролі актораў, а самі стваралі касцюмы і дэкарацыі. Таму працэс паглыблення ў творчасць быў максімальна поўным”, — распавяла спадарыня Кася з Місіі. Яна дадала, што “Вынікам працы каманды стаў паказ спектакляў для бацькоў і дзяцей з Сацыяльнага Цэнтра. Публіка была пад уражаннем і аддзячыла маленькім артыстам гучнымі апладысментамі”.

Таксама падчас летніка група наведала Івянец, выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы, удзельнічала ў майстар-класе па маляванні партрэта з Аксанай Аракчэевай. Таксама перад удзельнікамі выступіў дзіцячы гурт “Міхаэлькі”.

Ужо сёння ў Місіі Добрага Самараніна стартавала другая змена дзіцячага летніка. Гэтым разам падчас адпачынку дзеці будуць паляпшаць узровень англійскай мовы.