14-25 чэрвеня ў Місіі праходзілі чарговыя канікулы для дзяцей школьнага ўзросту. Змена мела лінгвістычна-тэатральны ўхіл. Спадарыня Вераніка, настаўніца англійскай мовы, была адказная за моўны кампанент, а Васіль Дранько-Майсюк за падрыхтоўку спектаклю.
Двухтыднёвая праграма была насычанай. Дзеці вывучылі сярэднявечны танец, стваралі касцюмы і дэкарацыі пры дапамозе тканін і акрылавых фарбаў, падрыхтавалі пастаноўку паводле Францішка Аляхновіча, удзельнічалі ў квэстах, спазнавалі хрысціянскія спевы, з’ездзілі на экскурсію ў Ракаў, наведалі выставу ў гістарычным музеі і шмат іншага. Таксама падчас адпачынку дзеці зараблялі сваімі ўчынкамі і абавязкамі ўмоўныя “грошы”. У апошні дзень, пасля канцэрту, яны разам з бацькамі маглі набываць за іх розныя рэчы на кірмашы.
Васіль Дранько-Майсюк распавёў, што падчас другога сезону канікулаў у Місіі група падрыхтавала спектакль “Базылішак у лясным гушчары” паводле драматургіі Францішка Аляхновіча. “Ягоныя тэксты мы паставілі ўпершыню праз 100 гадоў, як сам Аляхновіч іх ставіў. Дзеці вучыліся ствараць цікавыя адметныя вобразы, даведаліся новае пра гісторыю Вялікага княства літоўскага (дзеянне адбывалася менавіта тады)”, — распавёў драматург. Ён таксама дадаў, што падчас другога тура летніка некаторыя ўдзельнікі па новаму раскрыліся. “Хлопчык Ілля ў мінулым сезоне баяўся выходзіць на сцэну, а цяпер актыўна ўдзельнічаў”, — зазначыў спадар Васіль.
“Дзеці мелі магчымасць пазнаць культуру англамоўных краін, пазнаёміцца з традыцыямі Брытаніі, пагуляць у англамоўныя гульні і нават спаткацца з амерыканскім госцем. Заняткі па ангельскай мове насілі забаўляльны і матывацыйны характар”, — распавяла спадарыня Вераніка, адказная за летнік у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры. Яна дадала, што дзеці ўдзельнічалі ў розных квэстах, вучыліся фокусам, быў майстар-клас па старажытным танцам. “Падчас летніка і дзеці, і мы, дарослыя, сталі адным цэлым, адной сям’ёй. Асабіста, усім дзякую шчыра”, — падсумавала настаўніца.
Падчас канікулаў у Сацыяльным Цэнтры быў прысутны хрысціянскі кантэкст. “Мабыць самае галоўнае тое, што кожны дзень дзеткі спатыкаліся з Богам. Праз малітву, спевы, біблійныя казанні і ўдзел у св. Імшы. Хочацца верыць, што гэты духоўны падмурак стане значнай кропляй у сэрцы кожнага дзіцяці, дапаможа быць больш чулымі, далікатнымі”, — распавяла спадарыня Вераніка.
Другі тур летніка выпаў на гарачынь, якая панавала ў Беларусі. “Мы стараліся дзетак падбадзёрваць, шукаць нейкія формы каб яны зусім не завялі. У цяньку сцялілі дываночкі каб там можна было пасядзець, паляжаць”, — распавяла спадарыня Ларыса.
Спадарыня Святлана, настаўніца пачатковай школы, правяла з дзецьмі першую і другую змены. Яна распавяла: “Параўноўваць два летнікі можна… Але навошта? Першы і другі быў асаблівы. Гэта было сапрауднае падарожжа, вандроўка для усіх нас: і дзяцей, і дарослых. За 10 дзён Бог зрабіў нас адным жывым арганізмам які рухаўся, дыхаў і дзейнічаў. Гэта можна было ўбачыць па выніковым спектаклі нашага летніка”.
“З відавочных плёнаў ёсць такія, што цэлы шэраг бацькоў абвесціў свой намер далучыць дзетак да трэцяй ці чацвёртай змены канікулаў у Сацыяльным Цэнтры. У дзяцей не было адчування: “Больш ніколі”. Наадварот. Бабуля адной дзяўчынкі, якая была ўпершыню на канікулах у Місіі, казала так: “Гэта лепшы летнік маёй унучкі. Яна проста бяжыць у Цэнтр”. Гэта сведчыць само за сябе. Гэта вельмі важна і для нас, педагогаў, таксама”, — падсумавала спадарыня Ларыса.