Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2023 года

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2023 года

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2023 года

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ВЕЛІКАПОСНЫ МАРАФОН — ШЛЯХ ДА ДУХОЎНАГА УВАСКРАШЭННЯ
Слова на Вялікі пост 2023 года

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Папяльцовай серадой Каталіцкі Касцёл распачынае Вялікі пост, падчас якога рака Божай ласкі, якая ніколі не высыхае, становіцца яшчэ больш паўнаводнай. Мы павінны акунуцца ў яе, каб ачысціцца ад грахоў і асвяжыць наш розум і дух.

Вялікі пост — гэта час спрыяльны і дзень збаўлення (пар. 2 Кар 6, 2). Аб гэтым нам будуць нагадваць велікапосныя імшальныя чытанні, разважанні Крыжовага шляху, рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, дабрачынныя акцыі і іншыя справы пабожнасці і міласэрнасці.

У нашым паўночнай паўшар’і падчас Вялікага посту ноч скарачаецца і павялічваецца дзень, зіма адыходзіць і набліжаецца вясна. Гэты натуральны працэс мае сімвалічнае значэнне. Скарачэнне ночы сімвалізуе паступовае выйсце з цемры граху, а павелічэнне дня — узрастанне ў Божай ласцы.

Паводле святога Льва Вялікага, тое, што хрысціянін павінен рабіць заўсёды, у Вялікім посце ён павінен рабіць з большай руплівасцю і пабожнасцю, каб гэты час характарызаваўся не толькі устрыманнем ад ежы, але перш за ўсё адрачэннем ад граху.

Усведамленне грахоўнасці з’яўляецца адным з самых вялікіх выклікаў сучаснасці.

Падобна таму, як добора пастаўлены лекарам дыягназ дапамагае ў лячэнні хваробы, таксама і духоўны дыягназ неабходны для навяртання. Гэта азначае, што нам патрэбны сур’ёзны рахунак сумлення, асабліва падчас моднай у наш час тэндэнцыі талерантнасці да граху і занядбання яго пачуцця.

2. Нагадваючы пра грэх, неабходна памятаць, што, акрамя асабістага граху, існуе таксама і яго сацыяльнае вымярэнне. Яно праяўляецца ў негатыўных адносінах да канкрэтнай групы людзей паводле рэлігіі, палітычнай ці грамадскай прыналежнасці, іх поглядаў і перакананняў.

Калі б у прыпавесці Езуса пра добрага самараніна той з-за непрыязнасці да габрэяў, што існавала ў самаранаў, прайшоў міма абрабаванага і збітага злодзеямі чалавека, то такое стаўленне прывяло б да граху занядбання. Ён, аднак, не паддаўся гэтай спакусе і дапамог параненаму (пар. Лк 10, 30–37).

Грамадскае вымярэнне граху таксама праяўляецца ў маральнай разбэшчаннасці, усё большым духоўным заняпадзе і незахаванні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці.

У многіх краінах заканадаўча ўстанаўліваюцца нормы, якія супярэчаць хрысціянскай маралі і натуральнаму праву. Чалавечы інтэлект вырашае, што ёсць маральнае дабро, а што зло. Між тым вучэнне Касцёла выводзіцца з Евангелля і не з’яўляецца праграмай палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання, якая можа змяняцца. Не чалавек, а Бог з’яўляецца аўтарам маральнага закону, і таму ён не можа быць зменены.

Праблема талерантнасці да граху і яго прыняцця з’яўляецца вельмі актуальнай і балючай у сучасным свеце. Талерантнасць успрымаецца жаданай і пазітыўнай, а яе адсутнасць — непажаданай і негатыўнай.

Зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскага вучэння, мы павінны быць талерантнымі да людзей, таму што яны могуць памыляцца, але не можам згаджацца з незахаваннем маральнага закону, бо ён паходзіць ад Бога.

Амаральнасць становіцца прычынай адкідання Бога, месца якога хоча заняць чалавек, што пераварочвае ўстаноўлены Творцам парадак з ног на галаву, у выніку чаго свет перажывае шмат сур’ёзных крызісаў.

Крызіс сям’і разбурае падмурак грамадства. Забойства ненароджаных дзяцей ва ўлонні маці становіцца генацыдам народа і вядзе да дэмаграфічнага крызісу. Непрыняцце мігрантаў прыніжае іх чалавечую годнасць. Глабалізацыя без захавання маральных нормаў з’яўляецца прычынай яшчэ большага падзелу паміж багатымі і беднымі. Нясправядлівасць і адмаўленне ад праўды спараджаюць сацыяльныя, палітычныя і грамадскія канфлікты. Мы павінны супрацьстаяць гэтым і іншым асабістым і сацыяльным паталогіям.

Паводле хрысціянскай антрапалогіі, дадзеная нам Творцам чалавечая прырода адначасова з’яўляецца асабістай і сацыяльнай. Таксама кожны чалавек мае сваю годнасць. Таму неабходна справядліва ставіцца да ўсіх людзей. Калі будзем прытрымлівацца гэтага асноўнага прынцыпу, то зможам паспяхова прайсці праз супярэчлівыя пункты гледжання на выклікі часу з мэтай дасягнення сапраўднага чалавечага росквіту.

3. Як трэба змагацца з грахамі і залежнасцямі? Для больш эфектыўнай барацьбы з імі ўяўляецца мэтазгодным выкарыстанне прынцыпу працы лазера, які набывае сілу дзякуючы канцэнтрацыі вузкіх пучкоў святла. Таксама і мы павінны сканцэнтравацца на велікапосных практыках малітвы, посту і міласціны і зрабіць з іх боскі лазер, каб з дапамогай Божай ласкі перамагчы грэх і зло.

Велікапосныя малітвы з іх прастатой і глыбінёй з’яўляюцца вельмі каштоўнымі і прыдатнымі. Дзякуючы ім, мы даем Богу магчымасць дзейнічаць.

Добрым прыкладам з’ўляецца прыпавесць Езуса пра ўдаву, якая прасіла дапамогі ў несправядлівага суддзі. Толькі яе настойлівая малітва схіліла яго дапамагчы ёй (пар. Лк 18, 1–5). Таксама і Бог абараняе тых, хто просіць у Яго дапамогі, а велікапосная малітва абуджае з летаргіі маральнага раскладу.

Малітва — гэта не чароўная формула. Яна таксама патрабуе змаганняў з нашага боку. Нават калі мы не бачым яе наступстваў, але працягваем шукаць Бога ў малітве, то гэта ўжо плён малітвы.

Пост, або ўстрыманне ад ежы, забавы ці набывання непатрэбных рэчаў, — гэта як уцелаўлёная малітва, якая без словаў кажа, што не ў часовых рэчах і справах, а ў Богу мы маем патрэбу. Пост з’яўляецца малітвай нашага цела. Ён гартуе нас да прымання складанасцяў жыцця і адрачэння ад амаральных задавальненняў.

Міласціна таксама спрыяе духоўнаму ўдасканаленню. Святое Пісанне вучыць, што як вада гасіць агонь, так міласціна загладжвае грахі (пар. Сір 3, 29). Яна дапамагае ў барацьбе з грамадскім грахом і ў жыцці паводле прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці.

Фундаментальнае значэнне ў змаганні з грахом мае сакрамэнт пакаяння, у якім праяўляецца бязмежная Божая Міласэрнасць.

У ім нашыя грахі, калі б нават былі барвовымі, стануць белымі, як снег (пар. Іс 1, 18). Падобна як раны патрабуюць рэгулярнага змазвання гаючай маззю і перавязак, таксама і нам патрэбна частая споведзь для паступовага лячэння нашых духоўных ран эліксірам Божай Міласэрнасці.

У жыцці трэба браць прыклад з Езуса, які на спакушэнне злога духа ў пустыні адказаў станоўчым «не» (пар. Мц 4, 5–10). Таму неабходна ўвесь час чуваць, бо д’ябал — гэта хітры і моцны дух.

Ёсць байка, што распавядае пра конкурс па спакушэнні сярод злых духаў. Адзін д’ябал, нібы, сказаў, што будзе казаць людзям аб несапраўднасці Святога Пісання і яго вучэння. Другі — што няма ні неба, ані пекла. Трэці — што святое вучэнне сапраўднае, неба і пекла існуюць і трэба навяртацца, але не сёння, бо можна пачакаць да заўтра. Ён выйграў конкурс.

Практыка адкладаць навяртанне на будучыню з’яўляецца «ахілесавай пятой» нашага духоўнага жыцця, бо не ведаем, ці яно ўвогуле стане рэальнасцю. Трэба памятаць, што заўтра распачынаецца сёння.

4. Саракадзённы велікапосны марафон распачаўся. Пераможцам стане той, хто вытрывае да канца. Таму нельга траціць надзеі, калі нешта не атрымліваецца, і калі здаецца, што грэх і зло перамагаюць.

Прыгожа аб гэтым кажа лаўрэат нобелеўкай прэміі па фізіцы Вернэр Гайзенберг (1901–1976 гг.), што першы глыток са шклянкі прыродазнаўства робіць нас атэістамі, але не трэба забывацца, што на яе дне нас чакае Бог.

Кожнаму з нас трэба выпіць сваю «шкляку» досведу і спакусаў, але нас заўсёды чакае міласэрны Бог, які ніколі не стамляецца ў сваёй любові да чалавека.

Мэта Вялікага посту — гэта нашае ўваскрашэнне з магілы граху, каб належна падрыхтавацца да свята Пасхі. Яго мы павінны святкаваць не толькі і не столькі велічнымі пасхальнымі працэсіямі са спевам Алелюя і радасным пералівам званоў, але перадусім перамяненнем нашага жыцця, каб ужо жылі не мы, але сваёй ласкай у нас жыў уваскрослы Хрыстус, як вучыць святы апостал Павел (пар. Гал 2, 20).

Давяраючы ўсіх вас заступніцтву Марыі — прытулку грэшнікаў, на распачаты велікапосны марафон як шлях духоўнага ўваскрашэння ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 14 лютага 2023 г.,
Свята святых Кірыла, мніха, і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы

Catholic.by