Свята ў гонар святога Мікалая​

Свята ў гонар святога Мікалая​

На іншых мовах: pl
Свята ў гонар святога Мікалая​

6 снежня ў​ Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры​ ​ адбылася святая Імша​ ў гонар святога Мікалая,​ цэлебрацыю якой​ узначаліў​ арцыбіскуп Тадэвуш​ Кандрусевіч​. У Імшы прынялі ўдзел дзеткі, бацькі​ і ўдзельнікі суполкі “Самаранін”.​ Пасля Імшы ўсе былі запрошаны на святочную праграму з гульнямі, падарункамі і пачастункамі.

Святкаванне Дня святога Мікалая​ нагадвае ўсім нам пра каштоўнасць бескарыслівага дару любові напярэдадні Раства. Легенды апавядаюць пра тое, што святы Мікалай стараўся рабіць дабро такім чынам, каб ягоныя справы заставаліся ў таямніцы. Ён​ дапамагаў бедным, непрыкметна па начах падкідаючы ў чаравічкі, пакінутыя каля дзвярэй, залатыя манеткі, і кладучы ў вокны піражкі. Неўзабаве гэтая традыцыя распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. У дамах на ноч сталі вешаць спецыяльна вырабленыя чаравічкі ці панчошкі, для таго, каб святому Мікалаю было куды пакласці свае падарункі.​ Святы Мікалай, які “прыносіць падарункі” – гэта сінонім дабра і​ любові.​ Перадусім святы Мікалай перадае нам, сучасным хрысціянам, адну заўсёды актуальную праўду – ​ нагадвае пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім. У кожнай еўрапейскай краіне існуюць свае традыцыі і звычаі, звязаныя са святкаваннем гэтага дня. Асобе святога​ Мікалая прысвечана шмат выяваў у беларускім мастацтве, што сведчыць пра любоў і пашану да яго нашых продкаў.

Фотаздымкі святкавання ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры глядзіце ў альбоме “Дзень святога Мікалая (6.12.2022)“.