У суботу 11 сакавіка ў капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра адбылася святая Імша за памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу. Узначаліў цэлебрацыю літургіі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, казанне прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля ксёндз канонік Ян Крэміс, выкладчыкі, навучэнцы і выпускнікі навучальнай установы.
Ксёндз канонік Дзмітрый Барыла ад засанавання каледжа быў у ім выкладчыкам кананічнага права, а на працягу апошніх гадоў — намеснікам дырэктара, кіраўніком навучальнага працэса і выкладчыкам метадалогіі.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім падзякаваў усім за супольную малітву, а таксама за малітвы за яго, калі ён апынуўся ў шпіталі.
Заслужаны іерарх адзначыў, што смерць ксяндза Дзмітрыя была нечаканай, дадаўшы, што яшчэ за тыдзень да таго, як ракаўскі пробашч трапіў у шпіталь, яны размаўлялі з ім, абмяркоўвалі тое, чым жыве Касцёл. Арцыпастыр падкрэсліў, што ксёндз Дмітрый зрабіў вялікі ўнёсак у распачатае яго папярэднікамі аднаўленне святыні ў Ракаве і атуліў вялікім душпастырскім клопатам мясцовую парафіяльную супольнасць.
“Будаваў жывы Касцёл, імя якому — народ Божы. <…> Ён упісаў сваў імя залатымі літарамі ў гісторыю адраджэння і станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”,— сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў усім прысутным і заахвоціў да малітвы аб вечным жыцці для памерлага ксяндза Дзмітрыя як выраз удзячнасці за яго ахвярнае святарскае служэнне і руплівую выкладчыцкую дзейнасць у Мінскім тэалагічным каледжы, ля вытокаў якога ён стаяў і назаўсёды застанецца ў гісторыі гэтай касцёльнай навучальнай установы.
Catholic.by
Тэкст: Алена Сцепановіч
Фота: Кацярына Амірсардары