Святочная праграма для бабуль і дзядуляў выхаванцаў Місіі

Святочная праграма для бабуль і дзядуляў выхаванцаў Місіі

На іншых мовах: en
Святочная праграма для бабуль і дзядуляў выхаванцаў Місіі

4 лютага Місія Добрага Самараніна зладзіла святочную праграму для бабуль і дзядуляў, якая ўключала канферэнцыю і канцэрт-віншаванне.

Падчас канферэнцыі, звяртаючыся да вернікаў, ксёндз​ Аляксандр Шамрыцкі​ МІС звярнуў увагу на ролю і адказнасць старэйшага пакалення ў духоўный апецы над моладдзю. Святар нагадаў, што ў псіхіятрыі існуе такое паняцце як герантафобія, у перакладзе са старажытна-грэчаскай гэта азначае літаральна “страх старых”. Засмучэнне псіхікі выяўляецца ў беспадстаўным страху перад старасцю і смерцю, жаданні пазбегнуць натуральнага фізіялагічнага старэння любымі спосабамі, нават за кошт пластычных аперацый. А таксама ў вельмі негатыўным стаўленні да старых, як увасаблення немачы і хваробаў. Касцёл вучыць, што старасць – гэта не пакаранне, а дар. Дзядуля і бабуля Езуса​ – Яўхім і Ганна – сталі нябеснымі заступнікамі сем’яў, шануюцца як людзі праведныя, сумленныя, поўныя даверу і веры ў Божае абяцанне.​ Бабулі і дзядулі з’яўляюцца сувязным звяном паміж рознымі пакаленнямі і перадаюць моладзі жыццёвы досвед і веру. Дух Святы абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас – каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў. Менавіта таму будучыня свету залежыць ад еднасці паміж маладымі і пажылымі.

Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён узгадаў добрымі словамі сваю бабулю, праз якую адбывалася трансляцыя вопыту веры і духоўных перажыванняў.

Выхаванцы Місіі падрыхтавалі для бабуль і дзядуляў канцэрт-віншаванне. Са сцэны прагучалі тэатральныя, паэтычныя і музычныя выступленні, словы пяшчоты і любові ад унукаў.

Радасным сюрпрызам для прысутных стала музычнае выступленне гурта “Нагуаль”. Панавалі танцы, карагоды і добры настрой!

 


Фотаздымкі са свята ад Генадзя Букі глядзіце ў фотаальбоме “Дзень бабулі і дзядулі”.