2 лютага, у свята Маці Божай Грамнічнай, цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ўзначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Капліца Хрысціянскага Cацыяльнага Цэнтра Місіі Добрага Самараніна ў Мінску мае тытул Ахвяравання Пана, і таму ў гэтым адзіным у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі месцы культу пад такім тытулам у гэты дзень адзначалася ўрачыстасць.
Падчас казання апостальскі нунцый заўважыў, што свята Ахвяравання Пана – гэта вельмі старажытнае свята з чацвёртага стагоддзя, якое ўрачыста адзначаецца не толькі ў каталіцкай царкве, але таксама ў англіканскай і праваслаўнай цэрквах.
“У свята Ахвяравання Пана ў святыні мы запрашаем пайсці на сустрэчу з Дзіцяткам Езусам, каб распазнаць у Ім таго, хто ёсць святлом свету. У сённяшняй літургіі мы таксама сузіраем Найсвяцейшую Панну Марыю, узор тых, хто чакае і паслухмяна адкрывае свае сэрцы на сустрэчу з Панам. Рытуал асвячэння свечак, характэрны для гэтай старажытнай літургіі, нагадвае менавіта вобраз хрысціянскага жыцця ў параўнанні з пілігрымкай, з падарожжам на сустрэчу з Хрыстом, Панам і Збаўцам, падарожжам, якое скончыцца толькі тады, калі мы канчаткова сустрэнемся з Ім у нябесным Ерусаліме. Гэты абрад асвячэння свечкі натхнёны словамі Сімяона: “Убачылі вочы мае збаўленне Тваё, прыгатаванае Табою перад усімі народамі, святло для асвятлення народаў”. Запаленыя свечкі з’яўляюцца моцным заклікам да сведчання свету пра Хрыста, святла, якое не заходзіць.”
У свята Ахвяравання Пана Каталіцкі Касцёл адзначае Дзень кансэкраванага жыцця. Прысутныя павіншавалі і падзякавалі кансэкраваным асобам за іх служэнне.
Другая частка ўрачыстасці была прысвечана адзначэнню 160-годдзя пісьменіцы Марыі Радзевіч. Навуковы супрацоўнік Павел Каралёў распавёў прысутным пра яе жыццё і творчасць. Імя Марыі Радзевіч не вельмі шырока вядома ў Беларусі. Разам з тым, яна знаная пісьменніца, асветніца і грамадскі дзеяч. Па адной з версій, нарадзілася акурат 2 лютага 1863 года ў маёнтку Пянюга (Зэльвенскі раён). За значную колькасць кніг і іх папулярнасць яе часам называлі “Сянкевіч у спадніцы”.
Яна з’яўляецца адным з ініцыятараў з’яўлення уршулянак на Палессі. Першая Місія сясцёр была створана ў вёсцы Гарадзец (Кобрынскі раён) у 1933 г. Невыпадковасць, што літаральна ў 7 км размяшчаецца маёнтак Грушава, дзе жыла Марыя Радзевіч. Дзякуючы падтрымцы пісьменніцы сёстры-уршулянкі ў Гарадцы адкрылі дзіцячы садок, курсы кройкі і шыцця для дзяўчат, інтэрнат для вучаніц, арганізавалі бібліятэчны абанемент і чытальную залу, уладкавалі дом для сірот, выдатна наладзілі працу па доглядзе за нямоглымі людзьмі.
Завяршылася мерапрыемства выступам дудара Уладзіміра Берберава, які распавёў пра гісторыю старажытнага інструмента дуда і выканаў цікавыя кампазіцыі. Уладзімір Бербераў – унук слыннага беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова, дзень нараджэння якога таксама прыпадае на пачатак лютага. Карыстаючыся нагодай Павел Каралёў уручыў госцю ўратаваныя памяткі са страчанага архіва Аркадзя Куляшова – лісты Валянціны Аркадзеўны да свайго таты Аркадзя Куляшова, напісаныя ў 1951 г. Уладзімір Бербераў прызнаўся, што не ведаў пра наяўнасць гэтых лістоў, падзякаваў за ўратаванне сямейных рарытэтаў.
Кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў буклет пра Марыю Радзевіч, які адмыслова да юбілея быў падрыхтаваны Мiсiяй.
Фотаздымкі з урачыстасці глядзіце ў фотаальбоме “2 лютага – свята Ахвяравання Пана”.