У Дзеях Апосталаў чытаем, што пасля Унебаўшэсця Пана Езуса апосталы і Марыя аднадумна трывалі ў малітве. Гэтая асаблівая малітва працягвалася дзевяць дзён, і пасля гэтых дзевяці дзён малітвы на апосталаў і Марыю сышоў Дух Святы. Адсюль бярэ выток традыцыя дзевяцідзённай малітвы, якую вернікі перажываюць разам з Марыяй або іншым святым і падчас якой давяраюць Богу нейкую складаную справу. Молімся да святой Уршулі Ледухоўскай, якая вядомая ва ўсім свеце як вялікая заступніца ў малітве.
ДУМКА святой Уршулі:
Вочы душы ўсюды адкрываюць тое, што нябачнае для вачэй цела, – бачаць Бога, Яго руку, дзейнасць і волю.
ЗАДАННЕ:
Паспрабаваць разважаць не як свецкія людзі пра жыццё як пра лёс, а як людзі духоўныя – пра Божае прадвызначэнне. Спрабуем не сумаваць, не гневацца, а ва ўсім бачыць Божае дзеянне і дзякаваць за ўсё, што маем. Стараемся ва ўсім бачыць Бога, бачыць добрае і годнае праслаўлення.
НАВЭННА да святой Уршулі Ледухоўскай:
О Езу, Твайму Сэрцу даручаю…(назваць інтэнцыю)
Узглянь і ўчыні тое, што падкажа Табе Тваё Сэрца. Дазволь Твайму Сэрцу дзейнічаць. О Езу, я разлічваю на Цябе, давяраю Табе, цалкам Табе аддаюся. У Табе я ўпэўнены. О Сэрца, поўнае любові, давяраю Табе без рэшты, бо сам з сябе я схільны да ўсялякага зла, але ва ўсім спадзяюся на Тваю дабрыню. Амэн.
Дзеля заслугаў нашага Пана Езуса Хрыста прымі, о Божа, малітвы, якія ўзносяцца да Цябе праз заступніцтва святой Уршулі Ледухоўскай, вернай паслядоўніцы дабрадзенасцяў Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына, і ўдзялі нам ласкі, якой з даверам просім. Амэн.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуся над намі!
Святая Уршуля, маліся за нас!