9 мая ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ў Мінску з удзелам арцыбіскупа Станеўскага адбылася сустрэча катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У сустрэчы ўзялі ўдзел 18 катэхетаў: кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія ў парафіях вучаць рэлігіі дзяцей і моладзь, а таксама катэхізуюць дарослых, рыхтуючы іх да прыняцця сакрамэнтаў.
Напачатку адбылася Эўхарыстычная адарацыя з Маёвым набажэнствам да Найсвяцейшай Панны Марыі, а потым — святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі арцыпастыр заахвоціў сабраных да адданага выканання даручанага ім Касцёлам адказнага задання дзеля пашырэння Божага Валадарства.
На сустрэчы былі абмеркаваныя праграмы па правядзенні традыцыйных душпастырска-катэхетычных акцый “Канікулы з Богам”.
Катэхеты маглі падзяліцца сваім вопытам працы з дзецьмі і моладдзю і заахвоціць адзін аднаго да яшчэ большай руплівасці ў працы на ніве Пана.
с. Любаміра Кругавая ОР / Catholic.by