Для ўдзельнікаў суполкі “Самаранін” і Сацыяльнага Валанцёрскага Клуба ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры выступіў калектыў мастацкай творчасці пры факультэце кітайскай мовы і культуры МДЛУ “Тэатр Мэйхуа” (мэйхуа ў перакладзе з кітайскага 梅花 – кветка слівы). Гледачы пагрузіліся ў атмасферу кітайскай культуры і мастацтва, прыгажосць і маляўнічасць традыцыйных відовішчаў.
Пра тэатр нам распавяла кіраўнік калектыву, намеснік дэкана факультэта кітайскай мовы і культуры МДЛУ Марына Філімонава:
«“Тэатр Мэйхуа” афіцыйна існуе на базе факультэта кітайскай мовы і культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта з 2018 года. У нашым творчым калектыве два аддзяленні: танцавальнае (85 чалавек) і тэатральнае (35 чалавек). У калектыў тэатра мы прымаем усіх жадаючых студэнтаў факультэта, незалежна ад іх узроўня танцавальнага і тэатральнага майстэрства. Галоўнае – жаданне ствараць і эксперыментаваць.
Падмурак нашых творчых нумароў – багатая культура Кітая: легенды, казкі, народныя традыцыі і кітайская філасофія.
Апроч удзелу ў святочных праграмах універсітэта і Інстытута Канфуцыя, мы выступаем на гарадскіх мерапрыемствах, у “Вялікім камяні”, з задавальненнем выступаем у школах і гімназіях. Да выступленняў у дзіцячых дамах і ў сацыяльных цэнтрах мы ставімся з асаблівым трымценнем. Гэта для нас неацэнны досвед».
Як адзначыла Марына Філімонава, любая сацыяльная або адукацыйная ўстанова можа запрасіць выступіць калектыў “Тэатра Мэйхуа”. Для гэтага трэба звярнуцца праз афіцыйную старонку ў Instagram альбо патэлефанаваць Марыне Сяргееўне на факультэт кітайскай мовы і культуры МДЛУ.
Арганізацыяй выступу “Тэатра Мэйхуа” ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры займалася Паліна Манковіч, студэнтка 4 курса факультэта кітайскай мовы і “Маладзёжны пасол Мэтаў устойлівага развіцця – будучыня планеты ў нашых руках”.
“Я стараюся арганізоўваць мерапрыемствы валанцёрскай скіраванасці. Мы выступалі для Валанцёрскага Клуба, у вас, у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры, і працуем над праграмай для дзіцячых дамоў.
Я была валанцёрам у дзіцячым лагеры “Бусел” Беларускага дзіцячага хоспіса. Там і з’явілася ідэя арганізаваць выступленне для дзяцей. Наш кіраўнік Марына Сяргееўна падтрымала гэты кірунак.
Калі прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў, дзіцячых дамоў, устаноў адукацыі захочуць, каб мы выступілі ў іх, то прапаную пісаць нам. Мы з радасцю прыедзем і выступім”.
Фота і відэа сустрэчы глядзіце ў альбоме “Выступ “Тэатра Мэйхуа” ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры”.