7 чэрвеня ў бібліятэцы Місіі Добрага Самараніна было шумна і весела! Дзеткі разам з Феяй Усмешкай адправіліся ў кніжнае падарожжа і чыталі філасофскую гісторыю “Лужына якая стала Сонца” Аляксандра Блінова. Фея Усмешка – Таццяна Крыцкая, кніжніца і акторка, стваральніца інтэрактыўнага тэатра “Альтанка для чытанкі” – прадставіла тэатралізаванае чытанне пра незвычайную лужыну, якая ўмела бачыць прыгажосць навакольнага свету, здзіўляцца і марыць.
Лужына пасля дажджу – гэта ж такая звычайная справа! Людзі і не задумваюцца, што бываюць лужыны асаблівыя. Лужына з кнігі акурат такой і была, бо ператваралася ў таго, хто спыняўся побач і зазіраў у яе. Першы быў сабака, потым котка і варона. Аднойчы ў лужыну зазірнула сонца і яна… пад цёплымі сонечнымі праменямі стала выпарацца і ўрэшце знікла. Але калі ў сэрцы ёсць любоў, то адбываюцца цуды!
Гэта гісторыя падказвае дарослым выдатную гульню з дзецьмі на шпацыры пасля дажджу. Можна доўга разглядаць лужыны і адгадваць, на што яны падобныя. На котку, сабаку або на варону? А можа быць, на сонейка? Пасля чытання ўдзельнікі займаліся творчасцю, фантазіравалі і стваралі свае мілыя “лужыны”.
Філасофская, пазітыўная і добрая кніга, а таксама гульні па ёй былі вельмі карысныя юным пілігрымам з летніка “Пілігрым – чалавек творчы”. Што рабіць, калі падае дождж, а парасонаў вельмі мала? Чаму важна не губляць аптымізму і ўсмешкі? Як падтрымаць сябра? Удзельнікі разважалі і знаходзілі адказы на няпростыя пытанні.
Усе фота з падарожжа з Феяй Усмешкай глядзіце ў фотаальбоме.