У Місію прывезлі абраз св. Барбары, апякункі падчас эпідэмій і цяжкіх хваробаў

У Місію прывезлі абраз св. Барбары, апякункі падчас эпідэмій і цяжкіх хваробаў

На іншых мовах: ru
У Місію прывезлі абраз св. Барбары, апякункі падчас эпідэмій і цяжкіх хваробаў

Абраз быў выкананы вядомы брэсцкім мастаком Мікалаем Кузьмічом, аўтарам сучаснай рэплікі крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Выява святой была асвечана 19-га красавіка віцебскім біскупам Алегам Буткевічам і пілігрымавала па Віцебшчыне падчас эпідэміі.

Абраз св. Барбары будзе знаходзіцца ў капліцы Сацыяльнага Цэнтра да пятніцы, 31-га ліпеня. Кожны можа прыйсці і памаліцца за дактароў і хворых якіх закранула сёлетняя эпідэмія. 

“Заахвочваю ўсіх знайсці хвілінку на прыватную малітву. Спакон вякоў праваслаўныя і католікі маліліся да св. Барбары падчас эпідэмій. Гэта добрая традыцыя і духоўная падтрымка ўсіх хворых і цярпячых”, — сказала сястра Часлава, дырэктар Місіі, — “просім толькі захоўваць санітарныя меры — апранаць маскі і апрацоўваць рукі перад уваходам у Цэнтр”.

Даведка

Св. Барбара з’яўляецца заступніцай ад раптоўнай і гвалтоўнай смерці, апякункай добрай смерці і небяспечнай працы — шахцёраў, маракоў, рыбакоў, каменшчыкаў, кавалёў, ліцейшчыкаў, цесляў, альпіністаў, ткачоў, піратэхнікаў, салдат (асабліва артылерыстаў і ракетчыкаў), а таксама архітэктараў і ўсіх зняволеных.

Аповед пра святую Барбару

Маладая дзяўчына з заможнай сям’і шпацыруе па садзе. Яе не радуе прыгажосць атачэння. Дзяўчына не згадзілася ўзяць шлюб з чарговым кандыдатам на мужа. Яе бацька Дыяскар думаў, што дзякуючы сужэнству дачкі здабудзе большы ўплыў у Нікамедыі. Аднак Барбара не баіцца гневу бацькі — думае толькі пра свайго Бога, якому абяцала дзявочую любоў. Яна не жадае чуць пра чарговыя прапановы сужэнства ад зачараваных яе прыгажосцю мужчынаў. 

У той час бацька здагадваецца, што яна прыняла хрысціянства.

Барбара глядзіць на старую вежу, якая стаіць у канцы сада, і думае пра самотнасць. Яна яшчэ не ведае, што наступныя гады правядзе зачыненая ў ёй і адрэзаная ад свету. Дыяскар зняволіць сваю дачку, каб прымусіць яе да сужэнства, якое, на яго думку, павінна дапамагчы яму ў кар’еры.

Мінаюць чарговыя месяцы зняволення, ежы яна атрымлівае столькі, каб не памерці з голаду, аднак пра адрачэнне ад веры і парушэнне сваіх абяцанняў нават не думае. Барбара праводзіць час у разважаннях і малітве, якая становіцца для яе радасцю і сэнсам жыцця. Бог бачыць вернасць і мужнасць дзяўчыны і напаўняе яе сэрца любоўю. 

Дыяскар страшыць дачку пакараннем — у гэты час пануе жорсткі пераслед хрысціянаў. Барбара ведае, што ёй пагражае. У цішыні і адзіноце зняволення яна аддае сваё жыццё Езусу і просіць аб мучаніцкай смерці. Яна гатовая, а яе любоў больш не можа зносіць няволю.

Маніфестуючы бацьку непахіснасць сваёй веры, Барбара просіць слугаў, каб яны выбілі трэцяе акно ў вежы — у гонар Найсвяцейшай Тройцы. Раз’юшаны бацька прыводзіць яе да суддзі, абвінавачвае ў веры ў Хрыста і патрабуе для дачкі смерці. Суддзя не жадае караць дзяўчыну, аднак не мае намеру рызыкаваць кар’ерай, таму дае ёй апошні шанц. Барбара аб’яўляе, што жадае смерці і ніколі не адрачэцца ад Хрыста, Збаўцы і Любові яе жыцця.

Абвяшчаецца прысуд. Катаванні цягам усёй ночы не змяняюць рашэння Барбары. Залітую крывёю з нанесеных ёй ранаў, ледзьве прыкрытую заплямленай сукенкай яе вядуць па горадзе, як калісьці вялі яе Пана. Кожны, хто хоча, можа яе зняважыць, аднак Барбара не рэагуе і чакае смерці, каб з’яднацца са сваім Богам. Суддзя, раз’юшаны гэтымі падзеямі, наказвае яе бацьку выканаць прысуд. Дыяскар бярэ меч…

Малітва да св. Барбары

Святая Барбара, ты захапляеш нас любоўю да Езуса, мужнасцю ў вызнаванні веры і гераізмам, з якім ты зносіла пакуты ажно да мучаніцкай смерці, паглядзі міласэрна на нашыя слабасці і выпрасі ў Бога перамену нашых сэрцаў. 

Вазьмі нас у апеку, дапамажы быць свабоднымі ад гэтага свету і яго бажкоў і вядзі нас шляхам ахвярнай любові да Езуса. Дапамажы, каб праз тваё заступніцтва мы ніколі не выракліся сваёй веры, не здрадзілі Хрысту за прамінальныя каштоўнасці гэтага свету і захавалі вернасць Пану Богу ажно да смерці. 

Будзь для нас прыкладам і дапамажы наследаваць цябе ў тваёй адданасці і любові да Пана і Збаўцы. Амэн.