Сёлета ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры кожны тыдзень праходзяць заняткі для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых людзей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна”.
З дзецьмі займаюцца педагогі па музыцы і арт-тэрапіі. Заняткі праводзяцца ў форме гульні і скіраваны на рознабаковае развіццё вучняў: духоўныя песні, практыкаванні на развіццё музычнага слыху і пачуццё рытму, гульні на развіццё камунікатыўных навыкаў і самарэгуляцыі, арт-тэрапеўтычныя практыкаванні.
Як адзначыла загадчыца аддзялення Іна Малькевіч, супрацоўніцтва з Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтрам пазітыўна паўплывала на самаадчуванне і сацыяльную адаптацыю дзяцей.
“Асноўная мэта наведвання нашай групай Цэнтра – сацыялізацыя і паляпшэнне навыкаў камунікацыі выхаванцаў. І гэта працуе. Яны трапляюць у іншую абстаноўку, у іншае памяшканне, тут новыя выхавацелі. Для дзяцей гэта мае вельмі вялікае значэнне, таму што яны вучацца сябе паводзіць, становяцца больш цярплівымі і эмацыйна стрыманымі.
Тут ім так падабаецца, што яны ўвесь час запытваюць, калі мы паедзем у Цэнтр. Яны гатовыя сюды прыязджаць кожны дзень, але ўжо зразумелі, што мы ездзім сюды толькі адзін раз на тыдзень. Можна сказаць, што яны змірыліся з гэтым і зараз чакаюць панядзелкаў, рыхтуюцца да паездкі.
Для нашай групы вялікае значэнне маюць заняткі псіхалагічнай скіраванасці. У нас у штаце няма псіхолага, а дзецям патрэбна дапамога такіх спецыялістаў, бо ў кожнага нашага выхаванца ёсць расстройства псіхічнага плана. Акрамя таго, нават нашы супрацоўнікі з вялікім задавальненнем сюды едуць. Для іх мяняюцца абстаноўка і кола зносін і, мне падаецца, гэта нават прадухіляе прафесійнае выгаранне нашага персаналу”.
Усе заняткі праводзяцца на дабрачыннай аснове. Галоўная наша місія – аказанне дапамогі і паляпшэнне якасці жыцця людзей з асаблівасцямі развіцця.
Усе фота вы можаце паглядзець у альбоме.