У бібліятэцы дзеткі чытаюць творы класікаў беларускай і сусветнай літаратуры і часта задаюць пытанне: “Цікава, а які аўтар гэтай кнігі, як выгладаў пісьменнік?” І гэта важна, бо ў кожным літаратурным творы адлюстроўваецца асоба яго стваральніка.
Пабачыць партрэт пісьменніка, пачуць ягоны голас, даведацца цікавыя факты з біяграфіі і нават самому намаляваць – гэта цікавы і карысны занятак. Такія прыёмы дапамагаюць запомніць пісьменніка, захапіць творчасцю, выклікаць жаданне спазнаваць мастацкі свет, увасоблены ў літаратурных творах. Засваенне асобы пісьменніка чытачамі прыводзіць да больш глыбокага разумення мастацкага тэксту.
На занятках дзеткі з радасцю даведваюцца пра літаратараў і бяруцца за стварэнне іх партрэтаў. Аднойчы яны падышлі да задання арыгінальна і зрабілі тантамарэскі – яркія стэнды для фатаздымкаў з адтулінай для твару. У выніку, кожны ўдзельнік ненадоўга “стаў пісьменнікам”.
Заняткі ў бібліятэцы праходзяць з ужываннем актыўных і інтэрактыўных методык, а гэта значыць, што сустрэчы ператвараюцца ў займальную гутарку, у якой кожны прымае актыўны ўдзел. Спазнанне беларускай і сусветнай літаратуры адбываецца праз гульні і творчасць. Мэта заняткаў – не толькі адкрываць для хлопчыкаў і дзяўчынак новыя факты, а галоўнае – зацікавіць кнігай, каб у іх узнік імпульс самім і надалей чытаць і спазнаваць свет літаратуры.