Урачыстасць Аб’яўлення Пана

Урачыстасць Аб’яўлення Пана

На іншых мовах: en
Урачыстасць Аб’яўлення Пана

6 студзеня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася святочная Святая Імша. У гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і ўспамінае пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі).

“Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся.
Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго.
Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае,
ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра” ​
                                                                                                       (Мц 2, 10-11).

Традыцыйна ў гэты дзень благаслаўляць кадзіла і крэйду, якой мы пазначаем дзверы нашага жылля. Сёлета гэты надпіс будзе выглядаць наступным чынам: С+М+В+2023. Існуе дзве інтэрпрэтацыі разумення літар, але яны не супярэчаць адна адной. Першая кажа, што тры літары з’яўляюцца ініцыяламі трох каралёў (Каспар, Мельхіёр і Бальтазар – Caspar, Melchior, Baltasar). Другая нагадвае, што на самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання:​ Christus​ mansionem​ benedicat​ — “Няхай Хрыстус благаславіць жытло”. Праз пазначэнне дзвярэй свайго жылля мы публічна вызначаем сваю веру, указваючы на тое, што ў гэтым месцы жывуць вызнаўцы Хрыста.

Падчас набажэнства адбылася важная падзея – прыняцце ў міністранты Антона, выхаванца Місіі. Гэты момант для кожнага доўгачаканы і вельмі важны, бо з гэтага часу пачынаецца новы этап з новымі абавязкамі. Быць міністрантам – вялікая адказнасць і гонар. Для прысутных на Імшы гэта быў знак таго, што ў сэрцах сучасных маладых беларусаў жыве Сапраўдны Бог. Віншуем Антона і зычым на працягу ўсяго жыцця адважна крочыць за Езусам.

Фотаздымкі глядзіце ў альбоме “Аб’яўлення Пана 6.01.2023”.