29 мая ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнты адзначылі ўрачыстасць у гонар святой Уршулі Ледухоўскай.
Да гэтага дня ўдзельнікі рыхтаваліся духоўна і малітоўна. Дзевяць дзён трывала навэнна да святой Уршулі Ледухоўскай, апякункі нашай Місіі.
Свята распачалося святой Імшой, а ўвечары адбылася музычная праграма. Сваімі талентамі праз спевы, музыку і танцы падзяліліся выхаванцы Місіі.
Сястра Часлава Навіцкая павіншавала дзетак з заканчэннем катэхетычнага года. Катэхізацыя – гэта выхаванне дзяцей у веры і духу хрысціянскага веравучэння. Навука рэлігіі грунтуецца на Святым Пісанні, літургіі, Вучэнні Касцёла і павінна адбывацца сістэматычна. Яна навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга.
У капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ўсіх прысутных прывітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які разважаў пра плённае і злучанае з Хрыстом жыццё святой Уршулі Ледухоўскай. Арцыбіскуп падкрэсліў: “Святая Уршуля Ледухоўская добра разумела, што дзеці і моладзь – гэта будучыня Касцёла і свету, таму прысвяціла сваё жыццё іх выхаванню.”
Святкаванне завершылася выступленнем фальклорнага ансамбля “Вербіца”, які выканаў духоўныя і народныя спевы. Артыстычнае выступленне ансамбля дало магчымасць адпачыць у радасці і святочным настроі.
Для ўдзельнікаў свята былі падрыхтаваны дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі і пачастунак.
Больш за 200 яркіх і эмацыйна насычаных фотаздымкаў глядзіце ў фотаальбоме “Урачыстасць святой Уршулі 29.05.2023”.