27 лістапада ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры чатыры юнакі падчас святой Імшы былі прыняты ў шэраг міністрантаў.
Хлопцы прайшлі адпаведную падрыхтоўку ў якасці кандыдатаў, выдатна здаўшы тэарэтычны і практычны экзамен. Таксама яны выказалі жаданне стаць міністрантамі, каб яшчэ лепей служыць на хвалу Божую пры алтары і ў штодзённым жыцці.
Гэта была вельмі важная і доўгачаканая падзея для саміх хлопцаў. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі бацькі і родныя новых міністрантаў, а таксама шматлікія вернікі.
Міністрант (лац. ministrare – служыць) — гэта юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Заданнем міністранта з’яўляецца падрыхтоўка неабходных літургічных рэчаў перад пачаткам святой Імшы, а таксама іншага роду дапамога. Міністрант – сябра Езуса Хрыста, таму вельмі важны адказны падыход да давераных абавязкаў і заклікаў быць сведкамі Хрыста не толькі ў касцёле падчас Імшы, але і ў штодзённасці.