31 кастрычіка – 4 лістапада ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася праграма “Вакацыі з Богам”, якая была накіравана на выхаванне дзетак у духу хрысціянскіх каштоўнасцяў. Юных удзельнікаў чакалі займальныя заняткі па Бібліі, творчыя майстэрні,вясёлыя камандныя гульні і цікавыя экскурсіі.
Вакацыі прыпалі на актаву, калі па каталіцкай традыцыі вернікі моляцца за памерлых. Дзеткі прынялі ўдзел у Святых Імшах 1 лістапада, калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, і 2 лістапада – у Дзень памінання памерлых.
Падчас біблійных сустрэч асноўны акцэнт быў зроблены на тэме вернасці Богу. Вернасць – каштоўная, вельмі важная якасць, якая адлюстроўвае характар Бога як знак Яго вялікай любові да нас. Дзеткі размаўлялі пра прынца Данііла, выкарыстоўваючы кнігу Піта Кампаана. Чаму Данііл і яго сябры накіраваліся ў горад Вавілон? Ці змог Данііл патлумачыць цару Навухаданосару значэнне сну? За што быў пакараны цар? Як Бог захаваў Данііла ад страшэнных ільвоў? Што такое малітва і навошта маліцца? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дзеткі знайшлі падчас разважанняў.
Удзельнікі кулінарных заняткаў пераканаліся, што імбірныя пернікі – гэта не толькі смачны ласунак, але і вытанчаны твор мастацтва. Юныя кулінарны распісалі паверхню выпечкі і такім чынам з карысцю бавілі час, развіваючы творчасць і фантазію.
Дзеткі наведалі Купалаў Дом – Літаратурны музей Янкі Купалы, дзе шмат даведаліся пра жыццё і творчасць паэта.
У бібліятэцы чыталі кніжную навінку “Штукарствы месяцавага зайчыка” разам з пісьменніцай Галінай Пшонік і мастаком Аксанай Аракчэевай.
На занятках “Тытульная старонка” дзеткі пазнаёмілімся з гісторыяй важнай прэзентацыйнай старонкі кнігі, размалявалі тытул скарынаўскай Бібліі, стварылі сваю уласную тытульную старонку з улікам атрыманых ведаў пра кніжныя традыцыі.
Незабыўныя адчуванні і ўражанні дзеткі мелі падчас наведвання майстэрні дынастыі мастакоў Аракчэевых. Гэта ўнікальная магчымасць быць у прасторы мастака і пабачыць незвычайную творчую атмасферу. Майстэрня – гэта сапраўдны музей, дзе жыве мастацтва, захоўваюцца і далей ствараюцца карціны.
Да сустрэчы ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры!