Вяртанне святыні.

Вяртанне святыні.

Вяртанне святыні.

І ў наш час здзяйсняюцца цуды! Як па-іншаму патлумачыць тое, што нядаўна ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры з’явіўся новы абраз. Праўда, абраз не сучасны, а наадварот – старажытны. На ягоных шатах надпіс – 1775 год. На адваротным баку маецца згадка, што гэты абраз “святы і цудатворны”.

Адшукаць і ўратаваць святыню ўдалося двум рупліўцам, шчырым вернікам – Каралёву П.А. і Кудзеліну Ю.В. Яны ўклалі ўласныя сродкі і змаглі змясціць святыню ў месца, дзе гучыць супольная хрысціянская малітва. Твор уяўляе сабой Божую Маці Адзігітрыю. Малюнак зроблены алеем на палатне. Твор мае незвычайныя асаблівасці. У пачатку 20 стагоддзя, падчас аднаўленчых прац, яго часткова закрылі лінолеўмам (так, гэты новы на той час матэрыял быў выкарыстаны і, нажаль, пакінуў мноства цвікоў падчас мацавання).

Абраз уражвае сваімі маляўнічымі кветкамі

Зараз, калі быў зняты гэты матэрыял, на палатне адкрылася мноства маляваных кветак, якія ўжо мінімум 250 гадоў упрыгожваюць абраз і ствараюць цуд хараства. Бачны таксама надпіс «DIVA VIRGO», што азначае «Найсвяцейшая Дзева». Згадка пра цудатворны абраз ускосна пацвярджаецца наяўнасцю каронаў на палатне і на шатах. Таксама на шатах маецца надпіс 1775 года, што муж і жонка Сіман і Брыгіда Сіневічы з Дарэўскіх Вярыгаў ахвяравалі гэтую шату. Значыць, час стварэння шатаў сягае ў 18 стагоддзе. А сам твор, верагодна, яшчэ ранейшы. Да таго ж, лікі на абразе ў пачатку 20 стагоддзя панаўляліся. Калі ў гэтым годзе спецыялістамі была зроблена рэнтгенаграма, быў выяўлены ранейшы выгляд лікаў Дзевы Марыі і Хрыста.

Больш раннія лікі Багародзіцы і Хрыста, якія былі выяўленыя, дзякуючы спецыяльнаму рэнтгену.

Важная справа цяпер – гэта правядзенне рэстаўрацыі абраза, каб зрабіць адпаведны выгляд. Бо зараз на палатне ёсць страты, скразныя прарывы, пашкоджанне маляўнічага пласта (асабліва ў месцах злучэння дошак). Таксама неабходны рэстаўрацыйныя працы з шатамі і, акрамя таго, – з вялікай разной драўлянай рамай. Памер абраза разам з рамай уражвае: 129 х 106 см.

Будзем рады вітаць Вас у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ў Мінску, дзе пасля рэстаўрацыі Вы зможаце ўбачыць гэтую адноўленую святыню.