Выпрабаванне веры праз хваробы:  досвед сясцёр уршулянак. Сведчанні з мінулага.

Выпрабаванне веры праз хваробы: досвед сясцёр уршулянак. Сведчанні з мінулага.

На іншых мовах: en
Выпрабаванне веры праз хваробы:  досвед сясцёр уршулянак. Сведчанні з мінулага.
Фота: Амбулаторыя ў Любчы ля Навагрудка, якая дзейнічала пры уршулянках

 

Праца ўршулянак заўсёды вызначалася ахвярным служэннем людзям, у тым ліку нярэдка яны дапамагалі ў справе лячэння розных хваробаў. У 1930-х гг. у невялікіх мястэчках манахіні адкрывалі амбулаторыі, дзе хворых прымала «сястра-доктар». Кожны дзень у такія ўстановы на Палессі (у Моладаве, Іласку, Гарадзішчы і інш.) па дапамогу прыходзілі больш дзесяці чалавек. Толькі ў Іласку ў 1938/1939 навучальным годзе амбулаторыя аказала дапамогу амаль у 1,7 тыс выпадках.

У Моладаве (цяпер Іванаўскі раён) уршулянкі планавалі заснаваць нават шпіталь, каб лячыць ляжачых хворых. Аднак пачатак ІІ сусветнай
вайны перашкодзіў ажыццяўленню гэтага плана.

Кошт лячэння сёстры пакрывалі са сваіх сродкаў, бывала дапамагалі шляхецкія роды (Скірмунты, Радзевічы і інш.). Лекі бясплатна раздаваліся тым, хто меў патрэбу. Часам пацыенты ў якасці падзякі прыносілі прадукты, хаця уршулянкі не прасілі аб гэтым і нават адмаўляліся. Настаяцельніца Уршуля Ледухоўская адзначала: “Характэрная рыса палешукоў — удзячнасць, нейкая высакародная, поўная асабістай годнасці ўпэўненасць у тым, што за дабро трэба плаціць дабром. Санітарка павінна прыняць хаця б адно яйка, нават кавалак грубай бялізны, за аказаныя паслугі і лекі, інакш яна прычыніла б гэтым бедным людзям боль”.

З вялікай радасцю мясцовыя жыхары Іласка (цяпер Шамятоўка Кобрынскага раёна) сустрэлі манахіню Ядзвігу Кніхавецкую (1890 – 1950),
якая распачала місію у гэтым месцы. Мясцовы люд лічыў яе доктарам, “пасланым да іх Провідам”. Таму як найчасцей прыходзілі да яе па дапамогу
ў сваіх хваробах і любых іншых патрэбах.

А як жа самі уршулянкі пераносілі тыя ці іншыя хваробы? Ці не было адчаю, калі для саміх сясцёр хвароба станавілася няпростым выпрабаваннем?

Сястра Юльяна Дрымель (1904 – 1994) была чалавекам адданай працы, якую ўмела спалучаць з малітвай. Ціхая, засяроджаная, нешматслоўная, нібы заглыбленая ў Бога, яна мела і пачуццё гумару. На старасці гадоў яна сваю хваробу, і неабходнасць ампутацыі нагі перанесла мужна, моўчкі і вельмі цярпліва. Праз пакуты і малітву яна рыхтавалася да пабожнай смерці.

Варта ўзгадаць таксама і Францішку Міхаляк (1912 – 1983), пра якую казалі, што яна мела асаблівую пашану да Божай Міласэрнасці і Беззаганнага Сэрца Марыі. Сама ж яна была кволая і пакутавала на розныя хваробы (астма, сэрца), аднак заўсёды заставалася вясёлай, шчодрай і добрай.

З Беларуссю Юльяна Дрымель і Франішка Міхаляк звязаныя тым, што напрыканцы 1930-х гг. служылі ў Моладаве. Сястра Юльяна выконвала абавязкі спецыяліста па касцёльным будаўніцтве, а Францішка працавала на малочнай ферме. Неўзабаве яны былі вымушаны разам з іншымі сёстрамі пакінуць Палессе.

Сярод “моладаўскіх сясцёр” можна прыгадаць яшчэ Габріэлу Пятроўску (1916 – 1999) і Незгадзінску Юлію (1909 – 1944). Сястра Габріэла дапамагала ў швейнай справе. Але пазней з-за цяжкай дэгенерацыі у суставах, не магла брацца за падобную працу. Сваю інваліднасць яна прымала з годнасцю і бадзёрасцю, старалася быць самадастатковай. Падчас хваробы ўмела добра арганізаваць час, дапамагала іншым сёстрам у дробных
рукадзеллях.

Надзвычайная сітуацыя адбылася з Незгадзінскай Юліяй (1909 – 1944), якая была паранена падчас баёў за вызваленне Польшчы ў 1944 годзе. Падчас
абстрэлу атрымала кулявое раненне, на машыне хуткай дапамогі яе змаглі даставіць у шпіталь. І хоць яна вельмі пакутавала, пры гэтым годна пераносіла боль. Нават іншыя параненыя былі ўражаныя яе стойкасцю. Прыняўшы апошнія сакрамэнты, памерла ва ўзросце 36 гадоў і на 7-м годзе
манаскага паклікання.

Кранальныя радкі мы можам прачытаць у лісце манахіні Клачэк Марыі (1916 – 1952), які яна піша да родных з нагоды сваёй хваробы: Любімая
мамуся і родныя, вось некалькі слоў майго развітання з вамі на гэтай зямлі. Гасподзь кліча мяне, трэба спяшацца. Столькі гадоў майго манаскага жыцця я чакала гэты момант, і доўгачаканая гадзіна набліжаецца. Я ведаю, што прычыню боль вашым любячым сэрцам, але боль ёсць толькі на гэтай зямлі, і ён так хутка праходзіць. Пасля атрымання весткі няхай прагучыць гімн удзячнасці Богу за ўсе ласкі, якімі адарыла мяне Божая дабрыня. Для мяне манаскае жыццё было месцам, дзе я магла палюбіць Езуса і ажаніцца з Ім праз манаскія абяцанні. Жыццё кароткае, таму памятайце, што ваша жыццё не
павінна быць бяздумным, але выкарыстоўвацца на хвалу Божую. Гэта тое, пра што я прашу, гэта мая апошняя просьба з гэтай зямлі… Я развітваюся з табой, матуля, апошні раз на гэтай зямлі, цалую ласкавыя рукі маёй любімай матулі – да сустрэчы на ​​нябёсах… Няхай Бог захоўвае вас у сваёй апецы, падтрымлівае і дабраславіць на гэтай зямлі. І не дазваляйце злым людзям вырваць з вашых сэрцаў веру ў Бога. Дзякуй табе за ўсё. Ваша любячая сястра Марыся – адданая Пану сястра Марыя Якуба.

Марыя Клачэк хварэла на рак. Памерла ў шпіталі праз некалькі хвілін пасля прыняцця святой Камуніі. Адыйшла да Госпада ва ўзросце 36 гадоў і на 17-м годзе манаскага паклікання. У 1930-х гадах яе служэнне таксама праходзіла на беларускай зямлі, у Моладаве.

Фота: Уршулянкі, пра якіх ідзе расповед у нарысе.  Верхні шэраг. Злева направа: Ядзвіга Кніхавецкая, Юльяна Дрымель, Францішка Міхаляк. Ніжні шэраг. Злева направа: Габріэла Пятроўска, Незгадзінска Юлія, Клачэк Марыя.

 

Уршулянкі напэўна ведалі і пра адно з правілаў пісьменніцы Марыі Радзевіч, якая ў сваім доме ў Грушаве (Кобрынскі раён) стварыла своесаблівы дэкалог. Гэта правіла гучала наступным чынам: “Не выяўляй страху і з спакоем перанось усе Божыя удары лёсу, такія як голад, беднасць, хваробы і ўварванне непажаданых гасцей”. Сама ж пісьменніца заўсёды аказвала падтрымку уршулянкам. Дзякуючы яе настойлівым просьбам распачалася місія сясцёр на Кобрыншчыне. Марыя Радзевіч завяршыла свой зямны шлях у галечы ў акупаванай нацыстамі Варшаве ў 1944 годзе. Мяркуем, яна са спакоем і надзеяй на Бога падыйшла да апошняй хвіліны свайго жыцця. Так жа як і многія сёстры уршулянкі.

Падрыхтаваў Павел Каралёў, навуковы супрацоўнік Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра “Місіі добрага самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай”.