Выстава акварэльных малюнкаў да 90-годдзя Місіі ўршулянак у Беларусі

Выстава акварэльных малюнкаў да 90-годдзя Місіі ўршулянак у Беларусі

На іншых мовах: pl
Выстава акварэльных малюнкаў да 90-годдзя Місіі ўршулянак у Беларусі

У Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры распачала працу выстава акварэльных малюнкаў Марыі Каралёвай. Творы былі створаны непасрэдна падчас экспедыцыі па мясцінах, дзе 90 гадоў таму пачалі дзейнасць сёстры ўршулянкі.

Як вядома, у жніўні 1933 года адбылося адкрыццё першай у беларускім Палессі місіі ў Гарадцы пад Кобрынам.​ Таму на малюнках адлюстравана вёсачка Гарадзец і непасрэдна месца, дзе знаходзіўся касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Цяпер ён перабудаваны пад школу. Адметна, што пра ўршулянак у гэтай мясціне дагэтуль памятаюць.

На шматлікіх малюнках адлюстраваны Кобрын. У гэтым славутым горадзе ўршулянкі пасяліліся ў 1936 г. Цікава, што ў Кобрыне дагэтуль збярогся дом, дзе жылі манахіні. Уршуля Ледухоўская адзначала: “Гэты дом – адзін з самых прыгожых у Кобрыне”. Для жыхароў і гасцей Кобрына падкажам ягоны адрас: вуліца Першамайская, 60. Размяшчэнне ўршулянак па гэтым адрасе было невыпадковым, бо паблізу размяшчаецца касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як адлюстраваны гэты духоўны і архітэктурны помнік 1843 года, можна ўбачыць на выставе.

У Кобрынскім раёне зберагаецца яшчэ адна мясціна, якая цесна звязаная з уршулянкамі, хоць самі манахіні там не жылі. Гэта маёнтак Грушава, дзе гаспадарыла пісьменніца Марыя Радзевіч. Уршуля Ледухоўская падкрэслівала, што менавіта Марыя Радзевіч шмат заахвочвала манахінь, каб тыя распачалі працу ў гэтых мясцінах, і пасля аказвала ўсялякую падтрымку.
На выставе малюнкаў Вы можаце ўбачыць гонар Грушава – 500 гадовы дуб, які Марыя Радзевіч называла “Дэвайціс”. Вышыня гэтага дрэва блізу 30 метраў, а дыяметр 2 метра. У свой час аднайменная аповесць “Дэвайціс” авеяла легендамі славутае дрэва. А славу Марыі Радзевіч прынеслі не толькі літаратурныя поспехі, але ўважлівае стаўленне і дапамога мясцовым людзям. Таму Марыя Радзевіч была духоўна блізкім чалавекам і для манахінь уршулянак.

Запрашаем наведаць выставу!

Адрас:
Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр, вул. Серафімовіча, 19 (станцыя метро “Пралетарская”)

Дадатковая інфармацыя і запіс:
+375 17 343-99-17;
+375 44 770 09 01​ – Рэцэпцыя
samaranin16@gmail.com