“З Богам для Беларусі”. У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя

“З Богам для Беларусі”. У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя

На іншых мовах: en
“З Богам для Беларусі”. У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя

3 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адкрылася выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам ХХ стагоддзя. Мэта выставы — узгадаць асоб, якія ў свой час прыклалі вялікія высілкі, каб Божае слова гучала ў Беларусі на роднай мове.

На пачатку да сабраных звярнуўся ксёндз Аляксандр Шамрыцкі, духоўны апякун сацыяльнага центру. Вітаючы прысутных, асаблівым чынам ён прывітаў старшыню Канферэнцыі Біскупаў на Беларусі біскупа Алега Буткевіча, арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Дзеля таго каб, выстава прынесла шматлікі духоўны плён і спрычынілася да пашырэння ведаў аб нашай спадчыне, адкрыццё распачалося дабраслаўленнем, якое разам з прысутнымі іерархамі Касцёла ўдзяліў біскуп Буткевіч.

“Усемагутны вечны Божа, просім Цябе, спашлі ласкава сваё благаслаўленне на гэтае месца, месца сведчання тых людзей, якія ў сваім жыцці вызнавалі веру ў Цябе і дзеля гэтай веры прысвяцілі сваё жыццё.Учыні, каб тыя, хто будзе наведваць гэтую выставу і ўглядацца ў прыклад святога жыцця святароў, адчувалі іх заступніцтва і адкрывалі для сябе веліч і прыгажосць хрысціянскай веры, якая нараджае такіх вялікіх людзей для Божага Валадарства”, — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да прысутных пасля дабраслаўлення, біскуп заўважыў, што сведчанне, якое дае гэтая выстава, кажа таксама аб тым, наколькі людзі цанілі прысутнасць святароў сярод іх: магчымасць быць штонядзелю ў касцёле.

Узгадваючы сваё ўласнае дзяцінства, іерарх адзначыў наколькі вялікая была духоўнасць і моц тых святароў, якія ў тых вельмі складаных умовах змаглі збіраць людзей, цэлебрававаць Эўхарыстыю, весці душпастырства. «Гледзячы на фотаздымкі з тых часоў, можна здзівіцца прысутным натоўпам, дзецям да Першай Камуніі, нават нягледзячы на ўсе пазнейшыя пераследы у сувязі з гэтым», — сказаў біскуп Буткевіч.

“Вельмі цудоўна, што ёсць гэтая выстава — зусім маленечкая частка той спадчыны: сведчанне тых, можа не такіх шматлікіх, але мужных вызаўцаў веры таго часу. І для нас няхай яна служыць прыкладам, няхай абуджае свядомасць нашай прыналежнасці Хрысту.Свядомасць таго, наколькі важныя сведкі Бога на гэтай зямлі, знакі Яго прысутнасці сярод нас і тым больш тых людзей, якіх Ён кліча і якіх у наш час не хапае. Таму няхай гэтая выстава абудзіць нас да малітвы аб святых пакліканнях. Каб тыя, каго Бог кліча, цяпер былі годнымі нашчадкамі тых, хто годна прайшоў праз цяжкія часы выпрабаванняў, каб далей будаваць Божае Валалдарства», — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля да прысутных таксама скіраваў сваё слова арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які гаворачы пра свой уласны досвед працы ў Расіі, казаў пра “сведкаў веры”, якія сведчылі аб сваёй веры не толькі падчас служэння сярод вернікаў, але таксама знаходзячыся ў вязніцах ці высылках у Сібір. Нават ў вельмі складаных, нялюдзкіх умовах турмаў, яны і надалей вялі пастыркую дзейнасць. Яны цэлебравалі святыя Імшы, спавядалі, яны адчувалі сябе патрэбнымі.

“Кожны, хто сюды прыйдзе, дакранецца да гэтага сведчання людзей, якія ў вельмі складаных умовах не здрадзілі сваёй веры, сведчылі аб сваёй веры і  перадавалі яе іншым людзям, каб тыя маглі ў жыць з Богам. Калі здавалася, што ўсё страчана, што няма ніякай надзеі, гэтыя святары неслі ім надзею”,— сцвердзіў заслужаны іерарх

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімадрыт Сяргей Гаек, адзначыў, што, “гледзячы з пашанай на асобаў, прадстаўленых на гэтай выставе, разумеем, што мы з’яўляемся іх спадкаемцамі. Што гэта не нейкія артэфакты мёртвага музея, але жывая рака міжканфесійнага сведчання”, — сказаў святар.

Арганізатары сардэчна запрашаюць усіх ахвотных наведаць выставу па адрасе:

г. Мінск, вул. Серафімовіча, д. 19

Даведацца аб часе працы можна па нумары тэлефона Хрысціянскага Сацыяльнага цэнтра:

  • +375 (17) 343 99 17
  • +375 (17) 242 53 99

Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by