З удзелам арцыбіскупаў у Мінскім тэалагічным каледжы адзначылі заканчэнне навучальнага года

З удзелам арцыбіскупаў у Мінскім тэалагічным каледжы адзначылі заканчэнне навучальнага года

На іншых мовах: ru pl
З удзелам арцыбіскупаў у Мінскім тэалагічным каледжы адзначылі заканчэнне навучальнага года

18 чэрвеня ў Мінскім тэалагічным каледжы святога Яна Хрысціцеля прайшла ўрачыстая цырымонія на заканчэнне навучальнага года. Сёлетні выпуск стаў дзясятым у дзейнасці гэтай касцёльнай навучальнай установы, паведамляе Catholic.by.

Апоўдні навучэнцы і выкладчыкі каледжа сабраліся ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліўся таксама яго папярэднік на катэдры архідыяцэзіі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Напачатку са словамі прывітання да духавенства і навучэнцаў звярнуўся ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які ўзагадаў, як у 2007 годзе з’явілася думка аб стварэнні тэалагічнай навучальнай установы ў Мінску, дзе свецкія вернікі маглі б паглыбляць рэлігійныя веды.

Заслужаны іерарх адзначыў, што нават калі выпускнікі і не будуць потым працаваць катэхетамі, дзякуючы атрыманым ведам яны змогуць даць грунтоўныя адказы на пытанні адносна вучэння Касцёла ў сваім асяроддзі, ва ўніверсітэтах, на месцах працы. Арцыпастыр звярнуўся да словаў Евангелля і заахвоціў клапаціцца не толькі пра матэрыяльныя рэчы, але найперш пра духоўныя. Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што для таго, каб жыць у добрым грамадстве, трэба выкарыстоўваць надзейны «будаўнічы матэрыял», а менавіта сапраўдныя і нязменныя духоўныя каштоўнасці.

Пасля Эўхарыстыі, удзельнікі якой памаліліся таксама за медыцынскіх работнікаў напярэдадні іх прафесійнага свята, адбылося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў сёлетнім выпускнікам.

На заканчэнне навучальнага года дыпломы з рук арцыбіскупа Станеўскага атрымалі дванаццаць выпускнікоў, прычым адзін дыплом з адзнакай.

Падводзячы вынікі дзесяці выпускаў Мінскага тэалагічнага каледжа, дырэктар гэтай навучальнай установы ксёндз канонік доктар Ян Крэміс адзначыў, што ўсяго быў выдадзены 121 дыплом. Такім чынам, сярэдняя колькасць выпускнікоў у год складае акурат дванаццаць асоб.

Выпускнікі выказалі словы падзякі сваім выкладчыкам, куратару і тым, хто складаў для іх расклады заняткаў.

Яны дзякавалі як за набытыя веды, так і за духоўнае развіццё, якому паспрыяла навучанне ў каледжы.

Навучэнцы таксама адкрылі «капсулу часу», якую пакінулі ім ранейшыя выпускнікі ў 2019 годзе. Яны заклікалі сваіх наступнікаў дзяліцца атрыманымі ведамі далей у сваім жыцці.