У бібліятэцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра адбыўся цыкл сустрэч па кнізе “Скарына дзеткам”. Кніга знаёміць з самым яркім і вядомым прадстаўніком беларускай культуры – Францішкам Скарынам. Сам першадрукар у кнізе расказвае, дзе ён нарадзіўся, навучаўся, як зацікавіўся кнігадрукам і пачаў сам друкаваць кнігі Бібліі. Заданні пасля кожнай часткі дапамагаюць замацаваць набытыя веды, а таксама творча асэнсаваць матэрыял.
На занятках удзельнікі здзівіліся, што Скарына быў не толькі першадрукаром, а таксама лекарам, садоўнікам, перакладчыкам і нават паэтам. Разам чыталі верш і паставілі міні-спектакль па творы. Дзеткі з радасцю выконвалі ролі звяроў, птушак, рыб і пчол. Юных кнігазнаўцаў уразілі “рухомыя літары” – металічныя літары, якія наборшчык тэкста выкладваў радок за радком на наборную дошку ў люстраным выглядзе. Удзельнікі паспрабавалі напісаць тэкст, як бы ён выглядаў у металічным наборы. І гэта было няпроста!
Вядома, дзетак зацікавіў партрэт першадрукара. На гравюры Скарына паказаны ў часе перакладу Бібліі за невялікім сталом з разгорнутай кнігай. Вакол Скарыны розныя рэчы: і кнігі, і пясочны гадзіннік, і “глобус Сусвету” ды іншыя прадметы. Лепшы спосаб разглядзець усе дэталі – размаляваць партрэт. Гэтым юныя мастакі з радасцю займаліся!
Дзе можна сустрэць Скарыну сёння? На вуліцах, у музеях, у літаратуры, кіно, жывапісе, скульптуры, графіцы і нават ў метро. Удзельнікі расфарбоўвалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі і малявалі помнік Скарыну перад будынкам, а таксама стваралі “скарынаўскі” вагон мінскага метро.
Аўтаркі кнігі Тацяна Сапега і Марыя Каралёва прадставілі кнігу не толькі для дзетак, а таксама для дарослых. Кнігазнаўца Тацяна расказала, як з’явілася ідэя стварэння кніжкі ў форме творчага сшытка з заданнямі. Мастачка Марыя падзялілася, як адбываўся творчы працэс пошуку вобраза Скарыны і паказала свае эскізы, якія былі створаны падчас падрыхтоўкі кнігі. Усе ахтотныя атрымалі аўтографы.
Для арганізацыі заняткаў, а таксама для папаўнення бібліятэкі новымі кнігамі мы будзем удзячныя за дабравольныя ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:
Банкаўскія рэквізіты:
УНП 102366022,
АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”;
БІК UNBSBY2X