Хрысціянскі сацыяльны цэнтр запрашае 28 сакавіка 2026 года ў аўтобусную пілігрымку па маршруце: Мінск – Першаі – Валожын – Вішнева – Багданава – Мінск.
У Пяршаях наведаем храм святога Юрыя (1933 г.). Дазнаемся, як святары Ахілес і Герман уратавалі ўсю вёску ад знішчэння ў 1943 годзе. Пачуем таксама легенду, як на будаўніцтве храма працаваў сапраўдны мядзведзь. Ды гэта і нядзіўна, бо побач Налібоцкая пушча.
У Валожыне ўбачым паменшаную копію віленскай катэдры – касцёл св. Юзафа. Дазнаемся, чым жа слаўны палац Тышкевічаў у Валожыне і ці тут частаваліся славутай стравай “калдуны графа Тышкевіча”. Убачым мы ў Валожыне таксама і праваслаўную царкву ў імя святых Канстанціна і Алены (1866 г.).
У Вішневе убачым касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі 17 ст. А таксама наведаем музей, які прысвечаны вядомаму ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму.
У Багданаве мы завітаем у парафію святога арханёла Міхала, а таксама наведаем пахаванне славутага мастака Фердынанда Рушчыца.
Будзе яшчэ шмат усяго цікавага.
Падчас вандроўкі будзе расповед пра асобы і святыні, таксама магчымасць удзелу у пазнавальнай віктарыне. Наконт запісу на пілігрымку
тэлефануйце або пішыце: +375297762435. Ахвяраванне за пілігрымку складае 75 бел. рублёў.
Працягнем разам спазнаваць старонкі хрысціянскай гісторыі Беларусі.