Хрысціянскі сацыяльны цэнтр запрашае 6 чэрвеня 2026 года ў аўтобусную пілігрымку па маршруце: Мінск – Смалявічы – Барысаў – Худаўцы – Чарэя – Белая царква – Мінск.
У Смалявічах пілігрымы наведаюць храм у гонар святога Валянціна і аднайменны помнік ля святыні. Дазнаюцца, як звязана кава капучына з мясцовым манаскім ордэнам. А таксама даведаюцца, якія святыя з’яўляюцца апекунамі Смалявічаў і ў цэлым Беларусі.
У Барысаве ўбачаць мясцовыя святыні: Уваскрасенскі сабор 1874 года і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1820-я гг.). Наведаюць месца пахавання слыннага ксяндза Віктара Шутовіча (1890-1960). Гэты чалавек прайшоў нямала выпрабаванняў верна служачы Богу і роднай зямлі.
У вёсцы Худаўцы збераглася царка Раства Багародзіцы 1895 года – помнік беларускага народнага дойлідства.
Дазнаюцца пілігрымы пра шматлікія загадкі Чарэі, а таксама пра тых, хто звязаны з гэтымі мясцінамі. Размова будзе ісці пра род Сапегаў, Мілашаў і інш.
Самым маляўнічым пунктам падарожжа станецца Белая царква 1599 года. Унікальны помнік ранняга барока збярогся на паўвыспе вакол прыгожага возера.
Падчас вандроўкі будзе расповед пра асобы і святыні, таксама магчымасць удзелу у пазнавальнай віктарыне.
Наконт запісу на пілігрымку тэлефануйце або пішыце: +375297762435.
Ахвяраванне за пілігрымку складае 90 бел. рублёў.
Працягнем разам спазнаваць старонкі хрысціянскай гісторыі Беларусі.