2 лістапада ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбыліся Святая Імша і працэсія ва ўспамін усіх памерлых вернікаў. Працэсія традыцыйна складалася з пяці стацый. На кожнай з іх чыталі малітву за памерлых: І стацыя – за духавенства, ІІ стацыя – за бацькоў і продкаў, ІІІ стацыя – за сваякоў і дабрадзеяў, IV стацыя – за ахвяраў войнаў і загінуўшых у катастрофах, V стацыя – за ўсіх памерлых і за душы, якія церпяць у чыстцы. Імёны памерлых блізкіх і сяброў прысутных зачытваліся падчас набажэнства. Вернікі запальвалі свечкі – сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.
Дзень памяці – гэта добрая нагода ўсталяваць сімвалічны мосцік да вечнасці, успомніць тых, хто даў пачатак нашаму жыццю, задумацца аб тым, што ў ім галоўнае. Аб смерці гаварыць цяжка, людзі стараюцца пазбягаць гэтай тэмы. Але кожны хрысціянін павінен ведаць, што смерць – гэта не канец, а пачатак новага жыцця. Жыцця, у якім мы абавязкова сустрэнем усіх тых, з кім развіталіся на гэтай зямлі. Яны чакаюць нас у вечнасці, а цяпер чакаюць і ў месцах свайго спачыну.
Запрашаем усіх выканаць свой хрысціянскі абавязак і аддаць даніну памяці сваім блізкім памерлым. Увесь лістапад можна падаваць спісы з імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія будуць зачытвацца падчас набажэнстваў.
Фотаздымкі набажэнства глядзіце ў альбоме “Святая Імша. 2.11.2022“.