Напярэдадні свята Божай Міласэрнасці, 11 красавіка, адбылася пятая па ліку малітва праслаўлення “Дзеці нясуць міласэрнасць”. Чарговы раз дзеці з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прыбылі ў Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр, каб разам узносіць малітву да Бога ў інтэнцыі супакою на ўсёй зямлі.

Паколькі паўсюдны Касцёл перажывае год св. Францішка, тэма сёлетняга спаткання гучала “Усё жывое славіць Бога”. На мерапрыемства прыехалі дзеці з Будслава, Нясвіжа, Івянца, Слуцка, Смалявічаў, з парафій св. Яна Евангеліста і св. Францішка ў Мінску, а таксама з Місіі Добрага Самараніна. Дзевяць гуртоў праславіла Бога сваім прыгожым спевам.



Другая частка малітвы адбылася ў капліцы. Дзеці сустрэліся з Езусам укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, адкрываючы перад Ім свае сэрцы і ўзносячы свае просьбы. Пасля кароткай адарацыі да ўсіх дзяцей звярнуўся прысутны на мерапрыемстве Мітрапал Юзаф Станеўскі.



Пасля малітвы ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакала забаўляльная праграма, падчас якой дзеці ўзгадалі гісторыю Ноя, а таксама задумаліся над тым, што б было, калі б сёння ім прыйшлося пабудаваць каўчэг. Час прайшоў у вельмі сяброўскай, радаснай атмасферы.



