Адбылося сапраўднае свята міласэрнасці для дзетак

Адбылося сапраўднае свята міласэрнасці для дзетак

Адбылося сапраўднае свята міласэрнасці для дзетак

15 красавіка, напярэдадні нядзелі Божай Міласэрнасці, у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася​ Малітва праслаўлення “Дзеці​ нясуць​ міласэрнасць”.​ Гэта фестываль духоўных спеваў, дыялог любові, праслаўлення і падзякі Пану Богу. Праслаўляць – гэта як удыхаць чыстае паветра: яно ачышчае душу, дазваляе не заставацца ў няволі складанага моманту і​ цемры цяжкасцей, надае сілаў,​ надзеі і​ прыносіць сапраўдную радасць. Перажываючы свята міласэрнасці, якім з’яўляецца наш фестываль, мы просім, каб людское сэрца перамянілася, а Касцёл стаў цэнтрам культу Божай міласэрнасці.

На пачатку малітвы да сабраных звярнулася сястра​ Часлава Навіцкая USJK, якая разважала пра найкаштоўнейшы Божы дар, дадзены чалавеку, – гэта дар жыцця. Яна падкрэсліла, што пасля Бога мы павінны шанаваць​ сваіх бацькоў, якія нам далі жыццё, і заклікала разам​ дзякаваць Богу за дар жыцця і маліцца, просячы аб Божай Міласэрнасці для ўсяго свету. “Нішто так​ не перамагае зло, як Божая міласэрнасць. Моц міласэрнасці здольна пераменіць трагедыі сучаснага свету і сэрца кожнага чалавека”.

Пасля словаў сястры Чаславы да сабраных выйшаў ксёндз​ Аляксандр Шамрыцкі МІС​ з манстрацыяй у руках, у якой знаходзіўся сам Пан Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Удзельнікамі Малітвы праслаўлення “Дзеці​ нясуць​ міласэрнасць” сталі​ музычныя гурты, ансамблі і хоры з розных гарадоў Беларусі:

  • Гурт “Міхаэлькі” парафіі Маці Божай Ружанцовай​ (Мінск)
  • Дзіцячы ансамбль TRANSITUS парафіі святога Францішка (Мінск)
  • Дзiцячы хор Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай (Мінск)
  • Дзiцячы хор парафii Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Гомель)
  • Гурт “Нябесныя ноткі” парафіі святога Яна Хрысціцеля (Мінск)
  • Міраслаў Шабановіч з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы (Мінск)
  • Гурт “Пухавіцкія пярлінкі” парафіі святога Антонія (Мар’іна Горка)
  • Хор “Божыя Ягняткі” парафіі святога Яна Евангеліста (Мінск)
  • Дзіцячы хор “Зорачкі” парафіі святога Антонія (Слуцк)
  • Інструментальны ансамбль Санктуарыя Маці Божай Фацімскай (Жодзіна)
  • Дзiцячы хор парафіі Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі (Мазыр)
  • Дзіцячы хор “Зярняткі” парафіі cвятога Казіміра (Маладзечна)
  • Дзіцячы гурт “Amici Deus” парафіі святога Казіміра (Стоўбцы)
  • Дзіцячая група хору “Пілігрымы” мінскага праваслаўнага прыходу ў гонар святой княгіні Вольгі (Мінск)

Для ўдзельнікаў фестываля былі падрыхтаваны спеўнікі. Усе прысутныя мелі магчымасць актыўна далучыцца да супольнай малітвы праслаўлення. Малітоўныя спевы, якія выконвалі дзеткі, гучалі асабліва пранікнёна і кранальна.

Заканчэннем малітвы праслаўлення стала песня “Малітва за Беларусь”, якую заспявалі разам дзеткі і дарослыя. Падчас малітвы праслаўлення дзеці трымалі ў сваіх руках каляровыя кветкі, а на заканчэнне малітвы склалі іх да алтара.

На малітве прысутнічаў арцыбіскупТадэвуш Кандрусевіч, які звярнуўся да сабраных і выказаў шчырую радасць бачыць у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры шмат дзетак: “Вы – будучыня нашай Айчыны і будучыня Касцёла. Яна будзе радаснай і светлай, калі мы будзем яе будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях”.

Пасля абеду, на які былі запрошаныя ўсе прысутныя, для дзетак і бацькоў была падрыхтавана забаўляльная праграма. Пад гукі скрыпкі і бубна можна было патанчыць беларускія народныя танцы. Дзеткі актыўна ўдзельнічалі ў майстар-класах: “Малюем з Аксанай Аракчэевай”, дзе можна было памаляваць са знакамітай мастачкай, і “Макаронныя пацеркі”, падчас якога можна было зрабіць упрыгожванні з рознакаляровых макарон. Наймалодшыя ўдзельнікі гулялі з клоўнам, пускаючы мыльныя бурбалкі.

Алена Шымак, кіраўнік хора “Божыя Ягняткі” расказала: “Гэта ўнікальная падзея. Акрамя велізарнага духоўнага сэнсу малітоўная сустрэча мае практычнае значэнне для хора, дзе можна падзяліцца сваім служэннем і пачарпнуць вопыт тых, хто, як і мы, славіць Бога ў парафіяльных супольнасцях”. Самі ўдзельнікі выказалі свае ўражанні ад сустрэчы: “Гэта было самае-самае крутое свята Божай Міласэрнасці на ўсім белым свеце. Было вельмі здорава, таму што мы былі разам, мы спявалі і таму што мы — Божыя ягняткі”.

Выказваем шчырую падзяку ўсім удзельнікам Малітвы праслаўлення “Дзеці​ нясуць​ міласэрнасць”!

Шмат прыгожых фота глядзіце ў альбоме “Дзеці​ нясуць​ міласэрнасць”.

Будзем удзячныя Вам за ахвяраванні, якія дапамогуць у арганізацыі такіх мерапрыемстваў:
Банкаўскія рэквізіты:
УНП 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X

Альбо падтрымаць наз праз сістэму​ Web-pay.