З 31 ліпеня па 11 жніўня ў Місіі Добрага Самараніна адбываўся трэці тур летніка “Вакацыі з Богам“. Для дзетак была арганізавана праграма пад назвай “Здабываем скарб любові”. Дзеткі пазнаёміліся з гісторыямі жыцця некаторых сучасных святых, маліліся, праслаўлялі Бога праз супольную дзейнасць, шукалі міласэрнасць у сабе, вучыліся дапамагаць адно аднаму, а таксама адносіцца да бліжняга з павагай і спачуваннем.
Дзеткі бралі ўдзел у цікавых спатканнях і майстар-класах, спазнавалі сябе праз творчасць і заняткі па развіцці эмацыйнага інтэлекту. У летнік завітаў актор і казачнік Віталь Халадок, які расказаў пра ролю казак у сваім жыцці і пачытаў свае аўтарскія казкі. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць паслухаць казкі, а таксама разам прыдумаць сваю ўнікальную казачную гісторыю і праілюстраваць яе. Разам з тэатрам “Каробка” слухалі захапляльную гісторыю па кнізе “Цудоўны сад” Пірэта Раўда. Толькі чытанне кнігі было незвычайным. Інтэрактыўны тэатр ценяў з гульнямі, спевамі і рухамі захапіў удзельнікаў!
Самыя яскравыя ўражанні засталіся ад пілігрымкі ў Заслаўе. Пілігрымка – гэта асаблівая падзея, непадобная на ўсё тое, што адбываецца штодзень. Гэта сапраўднае духоўнае падарожжа, напоўненае малітвай і спазнаннем сябе. Усе разам маліліся ў Касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У Заслаўі дзеткі завіталі таксама ў Музей беларускай маляванкі, які прысвечаны традыцыйнаму роспісу маляваных дываноў.
Вандроўка нашага летніка ў Цэнтральны дзіцячы парк пацвердзіла, што побач з намі шмат цікавага і натхняльнага! У парку дзеткам было прапанавана пераўтварыцца ва ўлюбленага героя казкі, фільма або кнігі і распавесці пра яго. Удзельнікі паразмаулялі пра добрыя ўчынкі герояў, вызначылі, якімі маральнымі каштоўнасцямі яны кіруюцца, склалі ў сваю “скарбніцу” ўсе самыя лепшыя рысы характару герояў, якія варта у сабе развіваць, абмеркавалі, дзе яны могуць спатрэбіцца цяпер і ў дарослым жыцці. Праз гульню дзеткі навучыліся шукаць і знаходзіць у героях добрае, светлае, чыстае, кіравацца гэтым досведам па жыцці ў рэальных стасунках з людзьмі.
Выніковым мерапрыемствам стаў тэатралізаваны канцэрт “У пошуках скарбу міласэрнасці”. Вечар адбыўся ў шчырай атмасферы, дзе кожнаму знайшлася магчымасць паразважаць пра міласэрнасць, а таксама супольна стаць крыху бліжэй да Пана Бога.
Кожны тур летніка “Вакацыі з Богам” мае цікавую і ўнікальную праграму. Чытайце, як насычана, цікава і плённа адбыліся першы тур летніка пад назвай “Пілігрым – чалавек творчы” і другі тур “Падарожжа па старонках Бібліі”.
Да сустрэчы ў Місіі Добрага Самараніна!
Падрабязнасці па тэлефонах: +375 (17) 343-99-17 / +375 (44) 770 09 01
E-mail: samaranin16@gmail.com
Будзем удзячныя за ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:
Банкаўскія рэквізіты:
УНП 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X
Альбо падтрымаць наз праз сістэму Web-pay.