Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч​ узначаліў св.​ Імшу ў гонар св. Уршулі Ледухоўскай

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч​ узначаліў св.​ Імшу ў гонар св. Уршулі Ледухоўскай

На іншых мовах: ru pl
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч​ узначаліў св.​ Імшу ў гонар св. Уршулі Ледухоўскай

30 траўня​ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч​ узначаліў св.​ Імшу ў гонар св. Уршулі Ледухоўскай, апякункі Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра.

У гаміліі​ арцыбіскуп​ прадставіў постаць св. Уршулі Ледухоўскай:

“Дрэва прынясе плён толькі тады, зыходзчячы са слоў Езуса аб вінаграднай лазе і галінках,​ калі​ яго галінкі будуць злучаны яго ствалом. Дзякуючы гэтаму сокі зямлі сілкуюць іх, і яны пладоносяць. Такое ж самае правіла дзейнічае і ў духоўным жыцці. Каб нашае жыццё было плённым, мы павінны быць злучаны з Хрыстом, які сілкуе нас сваёй ласкай.

Такім чалавекам была св. Уршуля Ледухоўская. Нарадзілася ў 1865 г. у Аўстрыі каля Вены ў сям’і з глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі і была выхавана ў духу служэння Богу і людзям. Адзін з яе братоў Мечыслаў быў кардыналам і прэфектам Ватыканскай кангрэгацыі распаўсюджвання веры, другі Уладзімір – генералам езуітаў. Сястра Марыя​ вядома як Маці Чорнай Афрыкі, якая​ прысвяціла сваё жыццё місіям у Афрыцы і была бэатыфікавана.

Уршуля адчула пакліканне да выхавання моладзі і дапамогі ў душпастырстве. Ва ўзросце 21 года яна ўступіла ў кляштар уршулянак у Кракаве. Адчуўшы місійны запал, у 1907 г. з Кракава накіравалася ў Санкт-Пецярбург, дзе адкрыла прытулак для дзяцей пры парафіі св. Кацярыны Александрыйскай. Яна добра разумела, што дзеці і моладзь – гэта будучыня Касцёла і свету, як кажа св. Ян Павел ІІ. Таму прысвяціла сваё жыццё выхаванню дзяцей. Пры гэтым вельмі вялікую ўвагу звяртала на служэнне людзям розных моваў, веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Гэтым самым унесла свой уклад у развіццё ідэі экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу.

У 1914 г., калі распачалася Першая сусветная вайна, яна​ вымушана была пакінуць Расію і выехала ў Скандынавію, каб там працягнуць сваю працу. Пасля завяршэння Першай сусветнай вайны было​ заснавана новае зграмаджэнне сясцёр уршулянак ад Канаючага Сэрца Езуса.

Потым яна працавала ў Польшчы, дзе ў Пневах пад Познанню заснавала Генеральны дом. Дзякуючы яе намаганням паўстала шмат дамоў сясцёр уршулянак, у тым ліку і на Піншчыне.

Далей працавала ў Рыме, дзе ў 1939 г. завяршыла сваё зямное жыццё, каб перайсці ў дом нябеснага Айца.

Адкуль яна брала сілы? З малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і праслаўлення Божай Маці.

Той, хто жыве ў еднасці з Богам, прыносіць багаты плён справядлівасці і святасці. Такой была св. Уршуля, якая праз усё сваё жыццё верна сузірала аблічча Канаючага Езуса, каб яднацца з Ім. Гэтае адзінства дапамагала ёй любіць Бога і ўсіх людзей і такім чынам словам і прыкладам абвяшчаць Добрую Навіну. Гэтым самым яна стала апосталам новай евангелізацыі.

Св. Уршуля пакінула нам прыклад чалавека, які глядзіць наперад і клапоціцца пра будучыню. Яна добра ведала, што новыя часы патрабуюць новага, выхаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, чалавека. Гэта была праблема не толькі яе часоў, а​ праблема таксама і нашага часу. Мы павінны быць адказны за яе вырашэнне. Св. Уршуля з’яўляецца прыкладам усім нам, што нельга занядбаць выхавання дяцей і моладзі на евангельскіх каштоўнасцях, калі хочам мець перспектыву ў будучыні.

Сёння сёстры ўршулянкі працуюць у дванаццаці краінах свету, у тым ліку​ ў Мінску ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры.

Віншую сясцёр уршулянак, супрацоўнікаў і валанцёраў Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра са святам і выказваю надзею, што прыклад св. Уршулі будзе спрыяць выхаванню дзяцей і моладзі любіць Бога і сваю Айчыну.”

Дзеткі, бацькі, выхавацелі і сябры Місіі таксама шчыра​ павіншавалі сясцёр уршулянак.​ Пасля​ Святой Імшы​ ва ўспамін святой Уршулі Ледухоўскай адбылася​ музычная​ праграма​ ад выхаванцаў Місіі.

Усе фота з урачыстасці ў альбоме.