Прадстаўнікі польскай дабрачыннай арганізацыі спаткаліся з сястрой Чаславай і пазнаёміліся з дзейнасцю Сацыяльнага Цэнтра.
Ужо больш за тыдзень спадары Міхал і Мацей ездзяць па розных мясцовасцях Беларусі і рыхтуюць справаздачу для польскага Міністэрства Замежных Спраў і Карытас-Польшча. Справа ў тым, што гэтыя дзве арганізацыі рэалізавалі вялікі праект “Стварэнне і функцыянаванне 8 інтэграцыйных святліц для дзяцей у Беларусі”. Дзякуючы польскім спонсарам адна з гэтых святліц была абсталявана і ў нашым Сацыяльным Цэнтры.
Гасцей з Польшчы суправаджаў айцец Андрэй Жылевіч OFMCap — дырэктар Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Айцец падзяліўся з самаранінам, што “дзейнасць Карытас перш за ўсё пашыраецца дзякуючы вось такім цікавым праектам. Усё больш людзей ведае пра Карытас дзякуючы таксама і нашай працы. Асабіста мне гэта дазваляе атрымоўваць задавальненне з жыцця, бо дзякуючы таму, што мы робім — людзі могуць атрымаць нейкую дапамогу”.
Што такое святліца?
Дэ-факта гэта памяшканне ці будынак, у якім дзеці і дарослыя могуць сустракацца каб праводзіць вольны час, займацца хоббі ці праводзіць заняткі. У святліцах дзеці могуць рабіць хатнія заданні ці проста разам займацца рознымі карыснымі справамі.
Святліца ў нашым Сацыяльным Цэнтры была адчынена ў верасні 2018-га года. Тут праводзяцца розныя развіваючыя заняткі і гурткі.