Дзеці і бацькі перажылі аплаткавыя сустрэчы (ШМАТ ФОТА)

Дзеці і бацькі перажылі аплаткавыя сустрэчы (ШМАТ ФОТА)

На іншых мовах: ru pl en
Дзеці і бацькі перажылі аплаткавыя сустрэчы (ШМАТ ФОТА)

У апошнюю нядзелю адвэнту ўсе вучні Сацыяльнага Цэнтра святкавалі супольную Вігілію Божага Нараджэння. З гэтай нагоды Місію наведалі два біскупы  — мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі.

Сёлета святкаване было падзелена на дзве часткі. “Дзякаваць Богу, што нас шмат  — агулам гэта каля 300 дзяцей, бацькоў і гасцей. А нашая найвялікшая зала разлічана на 100-150 асобаў”,  — распавяла сястра Часлава, — “а не хацелася б згубіць асабістага падыходу, каб можна было паламацца аплаткам з кожным, падзяліцца добрым словам, каб гэта свята не страціла цеплыні і сямейнасці. У вялікай групе гэта, канешне, губляецца”.

Першая група пачала Вігілію св. Імшой у 10.30. На яе завітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У казанні іерарх звярнуў увагу на асабісты прыклад бацькоў у выхаванні дзяцей. “Яблык ад яблыні недалёка падае”,  — сказаў ён, — “вельмі добра, што вы прыводзіце дзяцей у Сацыяльны Цэнтр. Але ўзор вашага жыцця, прыклад вашай малітвы і вашага захавання адыгрываюць ключавую ролю”.

Пасля св. Імшы дзеці і бацькі паказалі калядную пастаноўку, была супольная малітва і дзяленне аплаткам. Ніхто не спяшаўся разыходзіцца, гучала шмат цёплых словаў.

Другая група святкавала Вігілію а 16-й гадзіне. Св. Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі і скіраваў казанне да дзяцей. Ён звярнуў іх увагу на важнасць прымірэння і перапрашэння адзін аднога. Госць заахвоціў дзяцей падумаць і перапрасіць да Божага Нараджэння тых, каго яны маглі пакрыўдзіць.

З капліцы Місіі ўсе госці накіраваліся ў святочную залу. Дзеці і выхавацелі падрыхтавалі сцэнку пра шлях усіх народаў да бэтлеемскай стайні. Тут былі і эскімосы, і кітайцы, і індзейцы, і афрыканцы, і беларусы. Пасля пастаноўкі пачалося дзяленне аплаткам і трывала ажно да 19-ай гадзіны.

Усе здымкі з Вігіліі на 10.30 можна паглядзець тут
Здымкі з Вігіліі на 16.00 можна паглядзець тут