На “Вакацыях з Богам” выкарыстоўваем час цікава і карысна!
1 лістапада дзеткі накіраваліся ў Купалаў дом – музей пра нашага любімага паэта, аўтара знакамітых вершаў “Мая малітва” і “Спадчына”. Экскурсію праводзіў вядомы купалазнаўца, навуковы супрацоўнік музея Павал Каралёў. Ён гасцінна правёў юных наведвальнікаў па экспазіцыйных залах і распавёў пра жыццё і творчасць паэта. Дзеткі пабачылі рукапісы, выданні твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта, шматлікія фотаздымкі, творы жывапісу. Цікава было ўбачыць мемарыяльныя куткі, інтэр’еры рабочага кабінета, гасцёўні, што створаны па ўспамінах і архіўных матэрыялах. Юныя наведвальнікі паглядзелі ўрывак са спектакля “Паўлінка”, разам з панам Быкоўскім і Паўлінкай павучылі “новамодны” танец. Удзельнікі разгадвалі назвы вершаў па рэбусах і гулялі ў інтэрактыўнай зоне “Хлопчык і лётчык”.
У парку імя Янкі Купалы дзеткі пабачылі вялікую таполю і дазналіся яе гісторыю, а таксама пабегалі за жывымі “жыхаркамі” прыгожага парка — вавёрачкамі.
Фота нашай экскурсіі глядзіце ў альбоме “Музей Янкі Купалы, 1.11.2022”.