Гамілія ва ўспамін св. Казіміра ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Гамілія ва ўспамін св. Казіміра ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

На іншых мовах: ru
Гамілія ва ўспамін св. Казіміра ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Мінск, 4 сакавіка 2022 г.

“Прыйдуць дні, калі будзе забраны жаніх, і тады будуць пасціцца” (Мц 9, 15)

1.​ ​ ​ ​ ​ Гэтыя словы мы чуем у сённяшнім Евангеллі ў першую пятніцу Вялікага посту. Кожная пятніца – гэта ўспамін крыжовай смерці Езуса Хрыста, дзякуючы якой мы былі выбаўлены з грахоўнага палону. Езус склаў ахвяру свайго жыцця дзеля нашага збаўлення, таму і мы павінны складаць сваю ахвяру ў гэты дзень. Звычайна – гэта абмяжачванне ў ежы і ўстрыманне ад мяса. Але не толькі. Мы маем значна больш магчымасцяў прыненсці сваю ахвяру. Гэта малітва, перадусім крыжовага шляху. Гэта справы міласэрнасці. Гэта таксама адмова ад нядобрых звычак і т.п.

2.​ ​ ​ ​ ​ Чаму мы павінны так рабіць?

​ Адказ просты. Мы верым у тое, што Езус з’яўляецца адзіным Збаўцам свету і таму адзіны шлях да неба – гэта адкупленне, якое Ён здзейсніў на крыжы. У пэўным сэнсе Езус заплаціў цану за нашыя грахі, узяў на сябе нашае пакаранне.

Але пры гэтым мы павінны разумець сваю ролю і адказнасць за атрыманне такога бясцэннага падарунка. Гэта не проста падарунак, які Бог прапануе, кажучы: “Добра, я заплаціў цану за тваё збаўленне, і ты ўжо свабодны”. Не, Ён кажа нешта больш значнае: “Чалавек, сваёй крыжовай смерцю Я адчыніў табе дзверы да збаўлення. Цяпер запрашаю ўвайсці ў іх разам са Мною і аб’яднаць твае пакуты з маімі, каб мае пакуты, аб’яднаныя з тваімі, прывялі цябе да збаўлення і свабоды ад граху”. Такім чынам, злучаючы нашае жыццё, пакуты і грахі з Крыжам Хрыстовым, мы ідзем шляхам да свабоды і збаўлення.

3. .​ ​ ​ ​ ​ Пятніцы Вялікага посту – гэта дні, у якія Касцёл нас запрашае добраахвотна і свабодна аб’яднацца з Ахвярай Езуса. Ягоная Ахвяра патрабавала ад Яго бескарыслівасці і самаадрачэння. Невялікія ўчынкі посту, устрымання і іншыя формы самаадрачэння, дапамагаюць нашай волі больш дасканала адпавядаць Хрыстовай з мэтай больш поўна з’яднацца з Ім і атрымаць ласку збаўлення.

Добрым прыкладам з’яўляецца св. Казімір, які жыў у далёкім XV стагоддзі. Трэба памятаць аб тым, што кожны святы, будучы чалавекам свайго часу, адначасова перавышае гэты час з яго выклікамі.

Так было і ў жыцці св. Казіміра. Нарадзіўся ў каралеўскай сям’і і быў выхаваны ў духу любові да Бога і бліжняга. Адзначаўся набажэнствам да Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Панны Марыі. Атрымаў вельмі добрую свецкую адукацыю. Часта выконваў функцыі прадстаўніка каралеўскага двара ў розных​ спатканнях.​

У той самы час, як гэта часта бывала на каралеўскім двары, быў паддадзены шматлікім маральным выпрабаванням і спакусам. Аднак на іх станоўча адказваў “не”. Яго маральным прынцыпам было цверджанне, што лепей памерці ніж зграшыць.

​ Будучы каралевічам, перад якім адкрывалася багатая свецая і палітычная персепектыва, выбраў аскетычны лад жыцця. Шмат увагі прысвячаў малітве і дабрачыннасці. Жывучы паводле прынцыпу евангельскай беднасці і ахвярнай любові да бедных і патрабуючых, Ён, будучы каралевічам, нёс крыж свайго жыцця і яднаў яго з Крыжом Езуса.

​З нагоды 500-годдзя смерці св. Казіміра Папа Яна Павел ІІ сказаў, што мы павінны не толькі яго праслаўляць, але таксама наследаваць яго гераічныя цноты і прыклад святасці. Яго сведчанне вялікай веры, гарачай пабожнасці і служэння бедным па-ранейшаму мае асаблівае значэнне для нас і асабліва для моладзі быць вернымі хрысыціянскаму пакліканню.

​Жыццё св. Казіміра ў чысціні і малітве заклікае нас практыкаваць нашу веру з адвагай і стараннасцю, адкінуць зманлівыя прывабнасці сучаснага ўсёдазволенага грамадства і жыць сваімі хрысціянскімі перакананнямі з бясстрашнай упэўненасцю і радасцю.

​Справы міласэрнасці заклікаюць нас не быць абыякавымі да бедных і патрабуючых. Заклікаюць яны таксама і да таго, каб у духу салідарнасці разам з нашымі братамі і сёстрамі ўкраінцамі, у гэты складаны час іх гісторыі, несці іх крыж, каб ён быў лягчэйшы.

Дарагія браты і сёстры! Добра сталася, што Вялікі пост, як час ласкі і навяртання, мы распачынаем са св. Казімірам. Няхай прыклад яго жыцця, імкненне да святасці, Эўхарыстычная і Марыйная набожнасць, станоўчае “не” злому духу і “так” Богу, а таксама ахвярная любоў да бліжніх стане лейтматывам нашага жацця. Амэн.