24 снежня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры падчас Святой Імшы Пастэркі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў казанне.
БОЖАЕ НЕМАЎЛЯТКА – БЛАГАСЛАВІ НАС
“Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14)
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!
1. Сардэчна вітаю вас гэтымі словамі Евангелля, калі чарговы раз мы святкуем урачыстасць Божага Нараджэння і перажываем таямніцу Богаўцелаўлення, дзякуючы чаму на зямлю прыйшоў Бог з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць Эмануэлем – гэта азначае Богам з намі. Бэтлеемскі цуд стаў зваротным пунктам у гісторыі свету, бо ў яго ўвайшоў Бог, каб вызначыць яму новы, пазначаны Евангеллем, напрамак.
У ціхую і святую ноч Божага Нараджэння мы выказваем сваю ўдзячнасыць Богу за тое, што Ён прышоў да нас і запаліў нязгаснае святло, якім ёсць Езус Хрыстус. Аб гэтым сведчаць словы Евангелля, што “Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную”.
2. Гэтая звышнатуральная і поўная здзіўлення падзея заклікае да разважанняў над словамі анёла да бэтлеемскіх пастухоў: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус”. Яны паказваюць Божую ініцыятыву, з якой ён выходзіць насустрач грэшнаму чалавеку.
Усведамленне таго, што Бог паслаў у свет свайго адзінароднага Сына дзеля нас і нашага збаўлення, вельмі патрэбна падчас цяжкіх дасведчанняў, якія перажывае сучасны свет. Гэты акт добрай волі Бога дапамагае нам перажываць складанасці розных крызісаў, з якімі мы сутыкаемся. Ён паказвае, што ў святле праўды Богаўцелаўлення мы не адны з нашымі праблемамі: з намі Бог, а калі Ён з намі, то хто супраць нас, як кажа св. апостал Павел.
3. Словы песні анёльскіх хораў пры нараджэнні Езуса: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі” заклікаюць нас даць адказ на стаўленне чалавека да Бога і Яго закону. Мы з’яўлемся людзьмі добрай волі ці не?
Першародны грэх дэфармаваў нашу прыроду. У выніку чаго чалавек лёгка паддаецца ўплывам свету і забываецца пра Бога. Аб гэтай духоўнай трагедыі вельмі добра нагадвае св. апостал Павел, які кажа: “Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю”.
Мы перажываем час надзвычайнай духоўнай барацьбы, калі эгаізм, пыха, выконванне выключна сваёй волі, якая шукае выгоды, задавальнення і карысці, вядуць да выбару зла. У гэтай барацьбе Бог, які добра ведае нашыя дрэнныя схільнасці і слабасці, працягвае нам руку дапамогі і чакае адказу, бо толькі тады Ён зможа ўвайсці ў нашае жыццё, ачысціць яго ад зла і напоўніць дабром. Толькі тады нашае сэрца стане Бэтлеемам нашага часу. У ім сваёй ласкай народзіцца Езус і адорыць так патрэбным супакоем. Вельмі прыгожа аб гэтым кажа св. Аўгустын: “Неспакойна сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Пану”.
4. Свята Божага Нараджэння з’яўляецца добрай нагодай звярнуцца да акіяну бязмежнай Божай любові і міласэрнасці. Таму мы павінны аднавіць збаўчы дыялог з Езусам, які прывядзе да духоўнага адраджэння чалавека і грамадства.
Гэта вельмі важна і актуальна сёння. Па прычыне адыходу ад Божага закону і маральных прынцыпаў свет падзелены рознымі непаразуменнямі і ўзаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю духа пакаяння і ўзаемнага прабачэння, культуры пашаны ў міжчалавечых адносінах і неадпаведным разуменнем свабоды, што вядзе да ігнаравання маральных каштоўнасцяў.
Нашае асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё патрабуе людзей добрай волі, якія шукаюць згоды і гатовыя да шчырага дыялогу ў праўдзе.
Мы не можам чакаць пакуль іншыя стануць добрымі. Трэба распачынаць ад сябе, ад свайго навяртання, ад адхілення зла і выбару дабра. Зло неабходна перамагаць дабром. Нельга таксама забывацца і аб тым, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна адбывацца ў клімаце пошуку праўды, якая, паводле слоў Езуса Хрыста, учыніць нас свабоднымі.
Нас, хрысціян, абавязвае пакаянне за нашыя асабістыя грахі і грахі народа, прабачэнне правінаў нашым вінаватым і любоў да бліжняга.
Адначасова мы маем права на абарону праўдаў веры і звязанага з ёй светапогляду, а таксама ўшанавання традыцый нашага народа. Гэта перадусім адносіцца да захавання цноты справядлівасці ў асабістым і грамадскім жыцці; да права на абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці; да захавання сям’і, як Богам створанага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, дапамогі адно аднаму, нараджэння і выхавання нашчадкаў; да выхавання дзяцей у нашай хрысціянскай традыці без навязвання сучасных згубных амаральных тэндэнцый, якія, па словах папы Францішка, з’яўляюцца ідэалагічнай каланізацыяй і т.п.
5. Які ж дзіўны парадокс перажываў свет падчас Божага Нараджэння! Толькі пастухі і Мудрацы з Усходу пачулі плач Бэтлеемскага Немаўляці і паспяшылі прывітаць Яго. Пастухі, якія ведалі, што нічога не ведаюць, і Мудрацы, якія ведалі, што не ўсё ведаюць. Тады, дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення, “аб’явілася дабрыня і любоў Бога”. Спрадвечны “сэнс” існавання свету згодна з ідэяй бязмежнай Божай міласэрнасці стаўся даступным для чалавека.
Дзейнасць Езуса пацвярджае, што наступілі новыя шчаслівыя часы: “Cляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна”.
Аздараўленне ад фізічных хваробаў прадказвала ацаленне ад духоўнай слепаты, глухаты, праказы і смерці. Езус прыйшоў у наш свет, каб вярнуць стварэнню першапачатковую прыгажосць і годнасць. У грэшным свеце засвяціла боскае святло, а неба і зямля нанова аб’ядналіся. Нездарма паэты кажуць, што Божае Нараджэнне – гэта пацалунак неба з зямлёй. Дзякуючы гэтаму, чалавек, які паверыў у Езуса Месію, з’яднаўся з Богам, а Божае Нараджэнне стала святам адраджэння ўсяго стварэння.
Праўда Богаўцелаўлення заклікае нас з удзячнасцю прыняць гэты нябесны дар Божай любові і дзяліцца ім з іншымі. Гэты заклік асабліва актуальны ў наш час, калі многія людзі лічаць прысутнасць Бога ў іх жыцці нязручнай да такой ступені, што выкідваюць яго са свайго жыцця.
У адным з французскіх штотыднёвікаў быў апублікаваны змест ананімнага апытання пад назвай: “Месца Хрыста ў маім жыцці”. Адзін з адказаў быў наступны:
З гэтых слоў бачна, што сучаснаму чалавеку больш не патрэбны Езус. Ён шмат каму проста перашкаджае ў жыцці і планах. Чалавек часта сам уяўляе сябе богам і думае, што можа ўсё. Але ён памыляецца, бо ніколі ім не стане, аб чым сведчыць гісторыя.
6. У той жа час у змроку розных праблем, з якімі спатыкаемся мы і свет, з Бэтлеема б’е боскае святло, якое асвятляе кожнага чалавека і адорвае яго новай надзеяй, нават насуперак надзеі. Трэба памятаць, што цемра не разсветліць цемру, гэта можа ўчыніць толькі святло.
Таму трэба прыняць святло Хрыста, каб у гэты складаны час яно заззяла ў нашых сэрцах і стала суцяшэннем для ўсяго свету, для тых, хто знаходзіцца ў духоўнай цемры і галечы, зняволенні, церпіць ад несправядлівасці і знявагі чалавечай годнасці, гіне падчас ваенных дзеянняў, вымушаны стаць бежанцам і г.д.
Для гэтага неабходна вярнуцца да дадзеных нам Богам маральных нормаў. Мы не можам быць народам без веры, надзеі і любові. Не можам быць народам без маральнага хрыбетніка і моцнага фундамента. Мы павінны будаваць нашае жыццё на падмурку вечных і нязменных этычных прынцыпаў.
Няхай Божая воля, якая праявілася ў таямніцы Богаўцелаўлення, валадарыць у нашых сэрцах! Няхай пранікне ва ўсе сферы асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця! Няхай паспяхова супрацьстаіць усім праяўленням зла! Няхай дапаможа ажыццявіць чаканні Бога, які знайшоў упадабанне ў людзях добрай волі! Няхай разсветліць цемру сучаснасці! Няхай спрыяе хутчэйшаму вырашэнню шматлікіх крызісаў, якія перажывае свет і наша Бацькаўшчына! Няхай вядзе да паяднання і такога патрэбнага ўсім нам супакою!
Міру і дабра ўсім тым, хто з верай і надзеяй прымае праўду Богаўцелаўлення
і пакланяецца адзінаму Збаўцы свету – Езусу Хрысту!
Божае Немаўлятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Айчыну і ўвесь свет! Няхай дух узаемнай любові і прабачэння, міру і дабра, а таксама Божая ласка спадарожнічаюць нам на святы Божага Нараджэння і ў надыходзячым Новым 2023 Годзе!
Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, + і Святога Духа і звычаем нашых продкаў дзялюся з вамі аплаткай.
Са святам Нараджэння Хрыста і надыходзячым Новым 2023 Годам! Амэн.