18 кастрычніка ў 18.00 распачнецца малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” ў Беларусі.
Ужо чацвёрты год Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай арганізуе малітоўнае чуванне з удзелам нашых дзетак. Сёлета мы зноў хочам аб’яднаць дзяцей з Беларусі і супольна далучыцца да сусветнага дня малітвы аб міры і еднасці ва ўсім свеце. Шчырая дзіцячая малітва, якая праслаўляе Бога, самая чыстая. Такі зварот неадкладна будзе пачуты Госпадам, бо ён будзе ісці ад самага сэрца.
Запрашаем дзетак і бацькоў прыходзіць у Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр (вул. Серафімовіча, 19, г. Мінск). Кожны ахвотны можа далучыцца да анлайн-малітвы (спасылка будзе на сайце ў дзень трансляцыі).
Узгадайце, як адбывалася акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” ў 2020, 2021 і 2022 гадах.
Пра ініцыятыву
Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!
Чаму 18 кастрычніка?
Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка – Дзень святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.
Значэнне Ружанца
Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у лісце “Rosarium Virginis Mariae”, “адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…> Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб “маліцца заўсёды і не апускаць рук” (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай “барацьбе”, якая вядзецца за мір.”
Як маліцца на ружанцы
Дзеці нашмат больш адкрытыя на ружанцовую малітву, чым шмат хто з дарослых. Калі ружанец адмаўляць правільна і пад адпаведным кіраўніцтвам, нашыя адносіны з Марыяй будуць паглыбляцца – яны стануць тым больш блізкімі, чым даўжэй будзем маліцца. Менавіта такім глыбокім адносінам з Маці Божай мы можам навучыцца ад дзяцей!
Знак Святога Крыжа
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Апостальскі сімвал веры
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.
Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.
Малітва Панская
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Анёльскае прывітанне
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус.
Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.
Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
О Марыя,…
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!
Малітва Фацімская
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.